Паліклінікі і бальніцы Мінска перагружаны, заявіў старшыня камітэта па ахове здароўя гарвыканкама Віктар Сірэнка 31 студзеня на прэс-канферэнцыі.

Паводле яго слоў, насельніцтва Мінска штогод прырастае прыкладна на 15 тыс. чалавек, пры гэтым у новых мікрараёнах адстаюць ад патрэбаў насельніцтва тэмпы будаўніцтва паліклінік і падстанцый хуткай дапамогі, захоўваецца нізкая забяспечанасць ложкамі ў стацыянарах.

У Мінску ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі самая нізкая забяспечанасць ложкамі ў бальніцах, паведаміў Сірэнка.
На тысячу жыхароў прыпадае 6,35 ложка, тады як у рэгіёнах — 9–10 ложкаў. Да 2015 года плануецца завяршыць рэканструкцыю стацыянараў горада, аднак і гэта не вырашыць праблему, адзначыў ён. Так, пасля рэканструкцыі за кошт забеспячэння лепшых умоў прыёму пацыентаў колькасць ложкаў у бальніцах зніжаецца прыкладна на 5%. Кіраўнік камітэта звязвае надзею на паляпшэнне забяспечанасці ложкамі ў стацыянарах з будаўніцтвам бальніцы ў мікрараёне Паўночны.

Як сказаў Сірэнка, з мэтай вырашэння праблемы перагружанасці паліклінік у 2013 годзе будуць будавацца дарослая і дзіцячая паліклінікі ў мікрараёне Дружба, дарослая і дзіцячая паліклінікі ў Каменнай Горцы, новая паліклініка ў раёне вуліцы Люксембург, дзве новыя падстанцыі на вуліцах Сыракомлі і Калеснікава.

Да ўводу ў эксплуатацыю новых будынкаў паліклінік прыём пацыентаў плануецца ажыццяўляць ва ўбудаваных памяшканнях жылых дамоў у новых мікрараёнах.
Так, у першым паўгоддзі 2013 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю філіял 7-й стаматалагічнай паліклінікі ў Каменнай Горцы-1, філіял 26-й паліклінікі ў мікрараёне Масюкоўшчына-3, цэнтр дружалюбнага стаўлення да падлеткаў 8-й дзіцячай паліклінікі ў мікрараёне Дружба. Акрамя таго, ідзе праца па адкрыцці філіялаў 33-й студэнцкай паліклінікі ў студэнцкай вёсцы.

Паводле слоў Сірэнкі, ліквідацыі чэргаў у паліклініках таксама павінна спрыяць магчымасць запісу на прыём да ўрачоў праз інтэрнэт, устаноўка ў паліклініках інфакіёскаў.

Згодна са звесткамі камітэта па ахове здароўя, у Мінску налічваецца 116 устаноў аховы здароўя, у тым ліку 38 паліклінік для дарослых, 19 — для дзяцей, 21 стацыянарная ўстанова і восем спецыялізаваных дыспансераў.

Штогод паліклінікі і дыспансеры наведвае да 20 млн. чалавек, выконваецца больш як 500 тыс. выклікаў хуткай і неадкладнай дапамогі. Стацыянарнае лячэнне атрымліваюць прыкладна 360 тыс. хворых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?