На сольным канцэрце на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі этна-трыа «Троіца» сыграла кампазіцыі з ранейшых альбомаў і прадставіла прэм’ерны твор «Мядзведзь», этна-псіхадэлічную п’есу з трох частак, піша budzma.org.

Этна-трыа «Троіца» працягнула добрую традыцыю — даваць раз на год узімку канцэрт на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Летась каманда Івана Кірчука прадставіла тут альбом «Зімачка» пры поўнай зале. Сёлета гледачоў было трошкі меней, і гэта адразу адзначыў Іван Кірчук, зірнуўшы ў залу. Магчыма, не ўсе былі гатовыя заплаціць даволі высокую цану за квіток, як для беларускага канцэрту — ён сягаў 190 000 руб. Але якасны гук і святло ды выдатная музыка таго каштуюць.

У гэты вечар «Троіца» выконвала выбраныя кампазіцыі з ранейшых альбомаў. Пачаўся канцэрт з «Ой, родзе, родзе». Тым самым Кірчук імкнуўся нагадаць, што «ёсць дзяды і прадзеды, а мы знаходзімся толькі ўверсе гэтай піраміды». Сцэна філармоніі зусім не падавалася завялікай для трох музыкаў з «Троіцы», яны цудоўна асвоілі прастору. Лідар «Троіцы», як заўжды, расклаў вакол разнастайныя інструменты, развесіў нават на маніторах ручнікі і ўпрыгожыў сцэну плеценымі паясамі — абярэгамі на шчасце. Вечарына мела фармат канцэрту-сустрэчы, між спевамі Кірчук расказваў гісторыі, звязаныя з песнямі, ды хваліўся апошнімі творчымі поспехамі. Летась «Троіца» з’ездзіла на два новыя фестывалі — у Швейцарыю і Іспанію, а іх альбом «Зімачка» атрымаў ажно восем узнагародаў з улікам нацыянальнай музычнай прэміі і «Рок-Каранацыі». Згадаў Іван Іванавіч і пра свае першыя этнаграфічныя экспедыцыі ў 80-х, на якіх і сабраў частку песняў, якія цяпер выконвае «Троіца». Кірчук схільны верыць найперш даўнім спевам, а не аповедам. «Здрада існуе цяпер і існавала раней, хоць бабулі казалі нам, што такога ў іх не было, але знайшлася песня, якая сведчыць пра тое, што было», — сказаў ён перад выкананнем твора «Сонюшка», якая па-іншаму яшчэ завецца «Шэльма».

На гэтым канцэрце адбылася прэм’ера. «Троіца» выканала зусім новую кампазіцыю пад назвай «Мядзведзь», шыкоўную этна-псіхадэлічную рэч з трох частак. Сышоўшы з калядным звонам пасля выканання «Ажаніла», Кірчук неўзабаве быў вернуты публікай на біс. «Нешта час так ляціць, і вясна хутка ўжо прыйдзе», — абвясціў музыка і зайграў адпаведную настрою «Яблынь», адзіны твор з самага першага альбома «Троіцы» яшчэ 1996 года, які нязменна прысутнічае ў цяперашнім рэпертуары. Пры канцы вечара Кірчук трошкі паразважаў пра музыку цяперашнюю і музыку даўнюю: «Цяпер вось людзі называюць сябе кампазітарамі, пішуць музыку, якая нібы можа нават лячыць. Тое, што спявалі раней, цяжка назваць проста песнямі, людзі жылі тым, пра што спявалі, гэтым і лекаваліся. І я ўпэўнены, што іх песні могуць дапамагчы і ў наш час». Музыкі зрабілі прыемнасць гледачам і самім сабе і выйшлі яшчэ і на другі біс, сыграўшы «Журавоў», адну з адвечных сваіх песняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?