Габрэі ўцяклі з наваградзкага гета праз падземны ход. Яго даўжыня была сто мэтраў.

Цяпер адкрыты музэй: два пакойчыкі з нарамі, трэці — з экспазыцыяй, на падворку — мураваная сьцежка, пад якой быў падземны калідор. Але ці сьпяшаліся, ці нядбайна зрабілі — паасобныя камяні пачалі выпадаць, калі па ёй прайшліся сюды‑туды людзі, якія прыехалі на адкрыцьцё музэю габрэйскага супраціву…

250 чалавек з трымценьнем чакалі ночы, кожны ведаў сваю чаргу: хто за кім прабярэцца праз тунэль, які патаемна капалі супольна. Уратавацца атрымалася ня ўсім, немцы перастралялі прыблізна чвэрць. Іншыя пасьпелі потым паваяваць у габрэйскім партызанскім атрадзе Тувія Бельскага. Гляджу на музэйныя здымкі: дзіўна бачыць габрэйскіх партызанаў у польскіх канфэдэратках.

Памятаю, некалі ў маёй газэце «Свабода» я пісаў пра іх. Публікацыя называлася «Габрэйскія партызаны таксама хацелі есьці». Для ўсіх партызанаў заўжды існавала праблема з харчамі, вось і дамовіліся паміж сабой габрэйскія і савецкія, што будуць зьбіраць ежу ў розных вёсках. Публікацыю гэтую я пазьней надрукаваў у «Лістах да хома саветыкуса» —сваёй кнізе эсэ і зацемак.

Безумоўна, прыклад з тунэлем робіць уражаньне, пачуцьцё вусьцішы выклікаюць узгадкі пра гэнацыд, пастку, у якой тады апынуліся габрэі. Яны ўдзячныя людзі: праведнікамі абвяшчаюць тых, хто ратаваў іх у час вайны. Толькі заўсёды раздражняла: ужо Беларусь нават была незалежнай, але новаабвешчаных праведнікаў, што з заходняй часткі краіны, працягвалі называць выключна палякамі. Сёньня іх нарэшце называюць беларусамі, уголас дзякуюць беларускаму народу за тое, што дапамагаў габрэям ратавацца.

Карацей, гістарычная справядлівасьць адноўленая. Але ня ўсё так мірна сёньня, міжволі зьвяртаеш увагу на падзеі ў сьвеце, на блізкаўсходнія справы. Цябе крыху раздражняе, зрэшты, што EuroNews заўжды пачынаюцца са славэтных «Фатха» з «Хамасам», цябе перш цікавяць навіны эўрапэйскія. Аднак усё роўна глядзіш апошнія паведамленьні, і часам кідаюцца у вочы дыспрапорцыі. Патлумачу далей.

Памятаецца ў твае школьныя гады зловазлучэньне «ізраільскі танк» было сінонімам чагось несур’ёзнага, дапатопнага, накшталт прымітыўных савецкіх на газе, якія немцы палілі ў 41‑м сотнямі. Цяпер не: гэта аграмадная, візуальна утрыраваных памераў, браніраваная махіна з буйной гарматнай руляй. Гэтак жа, як іхнія велізарныя бульдозэры, нібы створаныя, каб бурыць чыесьці дамы і кварталы, што мы якраз бачым у навінах.

Як гаварыў з адной нагоды ў сваёй нядаўняй лекцыі расейскі літаратар, што днямі памёр: напачатку апошняй вайны архаічная кавалерыя апантана кідалася зь пікамі і шаблямі на магутныя нямецкія танкі, для якіх гэта былі камарыныя ўкусы…

Проста як звычайнаму тэлегледачу табе незразумела, чаму суседняя краіна бамбуе гвалтоўна сваю суседку, насуперак пратэстам сусьветнай грамадзкасьці? Пачынаецца гуманітарная катастрофа, сотні тысяч уцекачоў. Іх мусяць прымаць краіны, дзе ў разгары пляжны сэзон, дзе мноства адпачыньнікаў. А бамбаваньне працягваецца. Потым падлічваюцца страты, і некалькі мільярдаў эўра абавязваецца кампэнсаваць чамусьці Эўропа. А не агрэсар, у дадзеным выпадку. Але ж часы!

Сяргей Астравец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0