З 8 лютага ў Беларусі пачнецца тэставае вяшчанне «Беларусь-3», яшчэ аднаго тэлеканала Белтэлерадыёкампаніі. У афіцыйным прэс-рэлізе гаворыцца, што мэта канала — «забяспечыць асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця краіны».

Не будзем наракаць, што стварэнне «Беларусь-3» затрымалася на некалькі месяцаў. Узгадаем дакладную цытату Генадзя Давыдзькі, апублікаваную ў лукашэнканкаўскай «Советской Белоруссіі» ў кастрычніку 2011 года:

«Беларусь 3» аб’яднае ўвесь кантэнт, які падыходзіць пад вызначэнне «Спадчына» (гэта працоўная назва), у эфіры якога з’явяцца новыя праекты пра культуру, гісторыю, шэдэўры сусветнага кіно — і ўсё будзе толькі на беларускай мове».

Нягледзячы на скептычнае стаўленне да медыйнага прадукту, які вырабляецца на БТ, грамадскасць успрыняла абяцанне Давыдзькі з энтузіазмам.

Цалкам беларускамоўны тэлеканал, хай і толькі пра культуру, спрыяў бы пашырэнню сферы ўжытку беларускай мовы.

Аднак верыць словам Давыдзькі, як выявілася, наіўна. Словы пра беларускамоўнасць канала з ягонай рыторыкі зніклі, а ў прэс-рэлізе Белтэлерадыёкампаніі з’явіліся анонсы перадач з расійскамоўнымі назвамі.

Дырэктар новага тэлеканала Віктар Маючы, які прымае ўдзел у многіх канферэнцыях у якасці начальніка аддзела Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, на працягу некалькі дзён не даваў ніякіх каментароў наконт сваёй новай пасады. І вось цяпер нарэшце адбылася анлайн-канферэнцыя на сайце Белтэлерадыёкампаніі з Маючым, падчас якой ён адказаў на пытанні наконт новага канала.

Ці будзе канал цалкам беларускамоўным? «Мы будзем да гэтага імкнуцца. На сёння сетка вяшчання складаецца прыкладна на 70% з беларускамоўных праграм. Але хачу адзначыць, што

мы не павінны забываць пра двухмоўе ў нас у краіне і пра дзве дзяржаўныя мовы. Аб’ектыўна гэты канал не можа быць толькі беларускамоўным. Натуральна, будуць прысутнічаць праграмы і на рускай мове», —
растлумачыў Маючы.

Тэлепраграма "Беларусь-3" на першыя дні працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?