Паводле яго слоў, «школьныя бібліятэкі самаўстараніліся ад таго, каб забяспечваць дзяцей праграмнай літаратурай». «Летась бібліятэкі сістэмы Мінадукацыі замовілі 18 найменняў кніг, але практычна нічога не выкупілі», — зазначыў У.Мачульскі. Сёлета «яны наогул нічога не замовілі», падкрэсліў ён.
У фармаванні дзяржаўнай замовы на выпуск кніг і іншай прадукцыі выдавецтваў цяпер удзельнічаюць толькі публічныя бібліятэкі, зазначыў У.Мачульскі. Што да метадычнай літаратуры, дык яе «не купляе ні Мінадукацыі, ні адзін раённы аддзел адукацыі — яна рэалізуецца толькі праз рознічны гандаль».
У.Мачульскі таксама паведаміў, што ў канцы ліпеня выдавецтва выпусціць аўдыёдыск з запісамі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дыск цікавы тым, што творы чытаюць самі аўтары, а таксама сын Якуба Коласа, Уладзімір Караткевіч і беларускія акцёры. Дыск уключае больш за 80 твораў класікаў беларускай літаратуры, якія ўваходзяць у школьную праграму.
Сёлета выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» выпусціла таксама тры найменні падручнікаў па беларускай літаратуры, яшчэ адзін выйдзе бліжэй да пачатку навучальнага года. Акрамя таго, выдавецтва працягвае выпуск зборнікаў з серыі «Бібліятэка школьніка»: у першым паўгоддзі выдана шэсць кніг.