14 сакавіка памёр колішні прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры. На тле сьмерці Мілошавіча ў камэры Міжнароднага трыбуналу гэтая вестка прайшла малазаўважнай. Былыя сэрбскі і эстонскі прэзыдэнты – поўныя процілегласьці адзін аднаму. Наколькі постаць Мілошавіча сымбалічна ўвасабляе змрок тыраніі, настолькі постаць Мэры – вызваленьне ад яе.

Ён нарадзіўся ў 1929 г. у сям’і эстонскага дыплямата і рос у Бэрліне й Парыжы. Але ўжо ў 1941 годзе сям’я Мэры была высланая cаветамі ў Сібір, дзе дванаццацігадовы Ленарт працаваў на лесапавале. У 1950-я сям’я вярнулася ў Эстонію. У год сьмерці Сталіна Ленарт Мэры скончыў гістфак Тартускага ўнівэрсытэту. Пасьля рабіў драматургам у найстарэйшым тэатры Эстоніі «Ванэмуйнэ», рэжысэрам на Эстонскім радыё, езьдзіў у навуковыя экспэдыцыі, падпрацоўваў таксістам.

Л.Мэры ўвайшоў у эстонскую літаратуру перадусім сваімі падарожнымі нататкамі. Плёнам доўгіх бадзяньняў па Сярэдняй Азіі і Далёкім Усходзе сталі кнігі «Па сьлядох кобраў ды каракуртаў», «У краіну агнявых гораў». Зьняты Мэры ў СССР разам зь фінскімі і вугорскімі кінэматаграфістамі і забаронены да паказу фільм «Вятры Шляху Продкаў» атрымаў срэбны мэдаль кінафэстывалю ў Нью-Ёрку. Мэры ня толькі пісаў, але і згуртоўваў эстонцаў – мацуючы Саюз пісьменьнікаў краю, стварыўшы яшчэ ў 1988 годзе Інстытут Эстоніі, дзеля разьвіцьця сувязяў з замежжам.

З 1988 году Мэры актыўна заняўся палітычнай дзейнасьцю ў рамках Кангрэсу грамадзян Эстоніі, стаўшы таксама чальцом Канстытуцыйнай Асамблеі. У красавіку 1990 году Мэры стаў міністрам замежных спраў ва ўрадзе Народнага фронту і займаўся ўмацаваньнем міжнароднага становішча незалежнай Эстоніі да абраньня ў кастрычніку 1992 году прэзыдэнтам краіны. Адпрацаваўшы на гэтай пасадзе два тэрміны, Мэры сышоў у адстаўку, але працягнуў працу ў Міжнароднай радзе Мэмарыяльнага фонду ахвяраў камунізму і Міжпарлямэнцкай радзе супраць антысэмітызму.

Бог даў яму фантастычнае жыцьцё ў неймаверных абставінах. На захадзе Эўропы ён быў бы, відаць, проста вядомым пісьменьнікам, але «за савецкім часам у пісьменьніка, тэатру ці нават у графічнага афорту Пеэтара Ўласа, на якім намаляваны вялікі самавар, была іншая задача – тая, якую ў нармальных дзяржавах выконваюць парлямэнты, палітычныя партыі ды газэты», – адзначаў Мэры. Ён заўжды казаў, што адчувае сябе эстонскім пісьменьнікам, а Саюз пісьменьнікаў лічыў сваім домам.

Стаць эстонскім пісьменьнікам было няпроста ўжо таму, што складанае жыцьцё не дазволіла яму гадавацца ў цалкам эстонскамоўным асяродзьдзі і, атрымліваючы адукацыю, Мэры чатыры разы мяняў мову, а пасьля, каб дасягнуць майстэрства роднага слова, доўга і старанна мусіў вывучаць слоўнікі. Моўная апантанасьць заўважалася за ім да канца жыцьця, і нават на сёмым дзясятку гадоў ён наракаў, што «эстонская мова – дагэтуль мой галаўны боль», дый аднаго за адным звальняў сваіх прэс-сакратароў за няведаньне мовы. Мэры не трымаў сьпічрайтэраў і сам пісаў свае выкшталцаваныя прамовы. Няшмат ёсьць такіх мэйнстрымных палітыкаў, чые выступы ды інтэрвію сапраўды цікава чытаць.

Тое, што казаў Мэры, часам нагадвае роздум пісьменьніка: «У нас доўга захоўвалася ілюзія, што досыць аднавіць незалежнасьць, і жыцьцё гарманічна і пасьлядоўна працягнецца з таго, на чым яго перарвалі паўстагодзьдзя таму. Што сёньня мы будзем будаваць дзяржаву гэтаксама хутка, як і ў першыя гады першага пэрыяду незалежнасьці. Але няма сумневу, што ў параўнаньні з 1920-мі гадамі чынавенства нашае дзяржавы некваліфікаванае. Калі Эстонія тады абвесьціла аб сваёй незалежнасьці і з зброяй у руках паўстала на яе абарону, народу ў цэлым не давялося пераходзіць з адной праўнай сыстэмы ў іншую. Царская Расея была, бясспрэчна, праўнай дзяржавай з добра дзейнай судовай сыстэмай. Наадварот, у 1990–1991 гадах мы перайшлі з адной плянэты на іншую. Акурат таму будаўніцтва Эстонскай Рэспублікі забірае гэтулькі часу».

Мэры нагадвае Вацлава Гаўла. І ня толькі пакручастай біяграфіяй. Абодва яны будавалі дэмакратыю на, здавалася, безнадзейнай глебе Сярэдняй Эўропы, абодва імкнуліся ўзьняцца над падступнасьцю рэальнай палітыкі да палітыкі маральнай. Бо акурат ёй, гэтай небясьпечнай зброяй – сумленьнем і маральлю – яны перамаглі некалі магутную камуністычную тыранію. Таму і ў новай Эстоніі Мэры не стамляўся нагадваць: «Мэтай Эстонскай Рэспублікі ёсьць ня рынкавае грамадзтва як такое, мэтай можа быць толькі дэмакратычнае грамадзтва. Вольны рынак ёсьць толькі сродкам на гэтым шляху. Калі сродкі дасягненьня мэты пачынаюць супярэчыць самой мэце, неабходна выбраць новыя». Ён змог пайсьці ў сьвет іншы з спакойнай душой, Эстонія стала свабоднай і дэмакратычнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0