Вечарам 2 лютага ў Мінску на плошчы Незалежнасці адбыўся малебен за палітвязняў, прысвечаны 175-годдзю з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

У малебне каля касцёла Святых Сымона і Алены ўдзельнічалі прыкладна 15 сябраў грамадскай ініцыятывы «За волю». Ля скульптурнай кампазіцыі «Архангел Міхаіл перамагае зло» грамадскія актывісты запалілі свечкі свабоды каля партрэтаў палітвязняў, усклалі кветкі, памаліліся за ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі за свае грамадзянскія перакананні, а таксама за іх родных і блізкіх, праспявалі беларускі духоўны гімн «Магутны Божа». Над плошчай прагрымеў заклік «Жыве Беларусь!» і адказ на яго «Жыве з Богам!».

Актывістка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Ніна Багінская адзначыла, што 2 лютага беларусы адзначаюць 175-годдзе з дня нараджэння кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага царызму Кастуся Каліноўскага. Багінская выказала надзею, што беларускі народ урэшце вызваліцца ад імперскага расійскага прыгнёту.

Затым удзельнікі малебна ўзялі таксама ўдзел у VI агульнанацыянальнай дыктоўцы па беларускай мове і пісалі тэкст паводле «Лістоў з-пад шыбеніцы» Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?