Форма ўлады ў Беларусі такая, што ёй патрэбныя пэрыядычныя ператраскі кіраўнічых структураў. Каб ня даць утварыцца устойлівым сувязям і групоўкам.
Лукашэнка да канца не давярае КДБ: і Мацкевіч, і Ерын, і цяпер Сухарэнка скончылі сваё кіраўніцтва ў няласцы.
Служба аховы прэзыдэнта зрабілася галоўнай кузьняй кадраў для кіраўнічых структураў. Улада абапіраецца на сілу, і асобаў, асабіста правераных.
Сыстэма ўлады далёкая ад стабільнасьці. На кожны кадравы посьпех прыпадае кадравы правал.
Паміж рознымі сілавымі структурамі ідзе барацьба за кантроль над уласнасьцю. У ёй не цырымоняцца і не перабіраюць у сродках. Гэта значыць, што сілавікі лічаць непазьбежным пераход да намэнклятурнага капіталізму, кшталту таго, што ўзьнік у Расеі ці Казахстане. Верх выкарыстоўвае гэта, каб падзяляць і ўладарыць, але непакоіцца тым, што такая барацьба зьніжае эфэктыўнасьць улады.
Чаму можна займацца палітычнымі маніпуляцыямі, але няможна — эканамічнымі маніпуляцыямі? — думаюць сабе чыноўнікі. Бацылы першага правакуюць другое.
Калі такое адбываецца з кіраўніком Камітэту дзяржаўнага кантролю, дык што гаварыць пра звычайнага беларуса?
Сухарэнка пасьля адстаўкі, а Жадобін пасьля прызначэньня свае першыя інтэрвію далі апазыцыйнаму выданьню.
Лукашэнка наўмысна вынес сьмецьце з хаты. Значыць, сваім выступам дабіваўся дыскрэдытацыі КДБ як такога. Між тым КДБ — гэта частка савецкай спадчыны... Захад адчытаў бы перайменаваньне КДБ як значны сыгнал.