На гэтым тыдні ў Беларусі захаваецца цёплае не па сезоне надвор’е,
паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў падчас відэабрыфінгу.
Паводле яго слоў, сярэднясутачная тэмпература паветра прагназуецца на 2–5 градусаў вышэйшай, што больш адпавядае сярэдзіне сакавіка.
«На фоне актыўнай цыкланічнай дзейнасці фактычна кожны дзень гэтага тыдня будзе адзначаны ападкамі ў выглядзе мокрага снегу і мокрага снегу з дажджом», — зазначыў Рабаў.

У аўторак на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць ападкі, пераважна мокры снег. У асобных раёнах туман, слабы галалёд, ноччу па ўсходзе слабая мяцеліца, месцамі на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу ад 0°С у паўднёва-заходніх раёнах да мінус 9°С на ўсходзе краіны. Днём мінус 1°С — плюс 4°С.

У сераду і чацвер часам прагназуецца снег, мокры снег, па паўднёвым усходзе ападкі: мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 5°С — плюс 1°С. 7 лютага па паўднёвым захадзе пры праясненнях да мінус 10–12°С, днём мінус 3°С — плюс 4°С.

У пятніцу і суботу на большай частцы тэрыторыі чакаецца снег, мокры снег, па ўсходзе ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажду, месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінус 5°С — плюс 1°С, днём мінус 3°С — плюс 4°С.

У нядзелю ноччу крыху пахаладае.
Тэмпература паветра 0°С — мінус 7°С, пры праясненнях мінус 8–12°С. Днём мінус 4°С — плюс 2°С. Пры гэтым на большай частцы тэрыторыі кароткачасовы снег, мокры снег, месцамі туман, шэрань, на дарогах галалёдзіца.

Паводле папярэдняга прагнозу, такое надвор’е ў Беларусі захаваецца да сярэдзіны месяца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?