Паважаныя сябры! Я з вялікай цікавасцю паслухаў на вашым сайце дыктоўку Каліноўскага, якую начытаў з яго «Лістоў з-пад шыбеніцы» Зянон Пазняк. Адно непрыемна ўразіла мяне. Вось анонс, які стаіць на вашым сайце з тыдзень:

«Зянон Пазняк чытае ў інтэрнэце тэкст агульнанацыянальнай дыктоўкі — 2013

Цяпер беларусы, якія збяруцца для напісання дыктоўкі ў гонар паўстанцаў 1863 года, змогуць зрабіць гэта пад голас былога лідара беларускага нацыянальнага адраджэння».

Калі б азначэнне Пазняка як «былога лідара беларускага нацыянальнага адраджэння» прагучала ў дыскусійнай перадачы, скажам, «Аб нацыянальных лідарах: самазваных і сапраўдных», ды з вуснаў якогась эксперта, ды аргументацыяй, такое я б змог зразумець і апраўдаць. Яле калі такое азначэнне анансуе дзейнага палітыка, ды яшчэ ад імя ўсяго «Белсата», гэта ўжо гучыць як у часы СССР, калі СМІ выконвалі ролю суддзяў і пракурораў — забівалі маральна.

Першы парадокс сітуацыі ў тым, што кіраўнік КХП БНФ Зянон Пазняк адгукнуўся на мой заклік узяць удзел у інтэрнэт-дэманстрацыі «За незалежнасць» чытаннем «Лістоў з-пад шыбеніцы» Каліноўскага першым з усіх палітычных і грамадскіх лідараў палітычнага поля Беларусі.

Другі парадокс у тым, што я не кантактаваў з Пазняком больш за дзесяць гадоў ні ў ніякай форме. І, адпаведна, не прапаноўваў яму браць удзел у інтэрнэт-дэманстрацыі Каліноўскага. Ён жа адразу зразумеў сэнс акцыі. А вось некаторых сённяшніх лідараў я літаральна ўгаворваў надыктаваць тэкст, дамаўляўся пра аператараў для відэазапісу, пра месца на сайтах. А ў выніку яны так і не знайшлі мажлівасці выйсці да грамадзянаў са словамі Каліноўскага.

І вось Зянон Пазняк, якога вы асудзілі на статус «былога лідара», проста так, упэўнена і пераканана начытаў запавет Каліноўскага ды на вашым тэлеканале. І ў які ўжо раз гэтым фактам пацвердзіў сваё права на агульнанацыянальнае лідарства.

Я не пісаў вам той тыдзень, які на вашым сайце вісела абразлівае азначэнне. Думаў, што вы, праглядаючы сайт, (а Пазняк у вас набірае сотні водгукаў), заўважыце прыкрае азначэнне. Яле яно вісіць і цяпер. І ніхто з вас, уключна з вашымі кіраўнікамі, так і не заўважыў (ці заўважыў і згодны з гэтай саўковай праявай еўрапейскай тэлекампаніі, якая прэтэндуе на ролю нацыянальнай).

Калі спытаеце, што вам зараз рабіць, адкажу: вы не дзеці і самі знойдзеце рашэнне. Мяне ж цікавіць адно. Як вы насамрэч ацэньваеце гэтае здарэнне? Як проста тэхнічную недарэчнасць? Ці пракурорска-судзейскі прысуд палітычнаму лідару для вас цалкам апраўданы, і вы адносіце гэты да праявы плюралізму? Я б вельмі хацеў пачуць вашыя меркаванні. Бо сама агульнанацыянальная дыктоўка на першым этапе адразу высвеціла, хто ёсць хто на палітычным полі Беларусі, і тут жа засведчыла, хто ёсць хто ў незалежных СМІ.

Спадзяюся, мой ліст з’явіцца на вашым сайце, і я атрымаю адказ. Прапаную правесці дыскусію на «Белсаце» аб сапраўдных і віртуальных лідарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?