Пачуліся галасы, патрабуючыя паказаць сапраўдны твар, калі не сказаць горш – фэйс. Здаецца, я яго і не хаваю..

Але… Заўсёды чалавек ня столькі хавае, колькі ня ведае. Нават сам пра сябе. Бо яго жыцьцё на самой справе складаецца ня з гучных дэклярацый, а з дробязей. Дробязей, якія западаюць у душу з самага дзяцінства і адтуль падаюць свае ціхія, але, бывае, рашаючыя галасы.

Шмат што пра чалавека распавядае яго дзяцінства і асяродзьдзя, дзе яно прайшло…

У гэтым годзе мне споўнілася 50 гадоў. Таму натуральна кінуцца ў успаміны… Ну хаця б прайсьціся пункцірам.

Мае бацькі ўкраінцы з далёкай паўднёвай Украіны, дзе няма ні воднага дрэўца, а да самага гарызонту толькі роўны жоўты стэп… Людзі там вельмі працоўныя, зямля да несапраўднасьці чорная, а таму пладародная. Хто працаваў, той не бедаваў…

Адносіны паміж людзьмі былі просты і даверлівыя. Нават з боку «паноў». Прозьвішча маёй маці ў дзявоцтве было не адно. У розных дакумэнтах фігуравала то Рабавол, то Сівалап. А ўсё гэта цягнулася ў яе продках яшчэ з даўніны. Нейкаму яе дзеду ці прадзеду былі патрэбныя грошы. У каго ўзяць? Пайшоў да памешчыцы. Тая дала, і запісала прозьвішча. Але грошай не хапіла. Пайшоў дзед да той жа памешчыцы. Памешчыца спытала прозьвішча, каб запісаць. «Сівалап» – адказаў дзед першае, што прыйшло ў галяву. «Вось дакладна такі ж мужчына браў у мяне грошы, але прозьвішча яго было Рабавол» – адказала памешчыца. Так і пайшло – у адных паперах Рабавол, у іншых Сівалап…

Мая маці нарадзілася ў 1916 годзе, перад самым пераваротам. Спачатку, кажуць, было не так і дрэнна. Зямлю падзялілі па едаках. У маёй маці было 8 братоў і сёстраў, а айцец памёр рана. Прыходзілася шмат працаваць, каб абрабляць сямейны надзел. Мая маці пайшла працаваць дзесьці з гадоў трох-чатырох. Яе аддалі за мех пшаніцы багатым людзям прыглядаць за немаўляткам ў калысцы, бо нават і багатыя ў час жніва ўсе цалкам былі на працы.

Працавалі вельмі шмат, але жыцьцё адчувалася насычаным і радасным. У паўднёвай Украіне людзі жылі большасьцю не ў такіх маленькіх вёсках і хутарах, як у Беларусі, а ў вялікіх сёлах, па колькасьці насельніцтва амаль як горад. Але галоўным паказчыкам была не колькасьць насельніцтва, а колькасьць млыноў і цэркваў. Калі я не памыляюся, у матчыным сяле Інгула-Камэнка было пяць вадзяных млыноў і тры царквы.

Бацька быў з больш беднага сяла Губаўка. Але і ён распавядаў шмат цікавага з свайго дзяцінства. Айцец таксама працаваў з малалецтву. Яго аддалі «дзядзьку Дзям’яну» вучыцца на сталяра. Дзядзька Дзям’ян быў строгі і жорстка наказваў за самыя малыя памылкі…

Тое, што айцец быў зусім нецаркоўны - ня так дзіўна. Мужчынская частка насельніцтва заўсёды адрозьнівалася большым раўнадушнасьцю да рэлігіі. А вось ці хадзіла мая маці ў царкву? Можа ў нейкім самым раньнім дзяцінстве толькі… Але потым і яна трапіла пад уплыў атэістычнай ідэалёгіі, і да самай сьмерці мне цяжка было ўявіць сябе, каб мая маці ня тое каб малілася, а проста зайшла б у царкву «паставіць сьвечку» ці «асьвяціць пасху». Яна была далёкай ад самай звычайнай абраднасьці. «Памрэш, і ў зямлю закапаюць», - вось і ўся філязофія. Калі яна даведалася, што я стаў хадзіць у царкву, яна сур’ёзна думала, што я захварэў на галаву».

Але вернемся на Ўкраіну. Шчасьлівыя гады былі нядоўга. Новая ўлада разьвівалася па сваіх законах. У начальніках раптам апынуліся самыя лянівыя і бяздзельныя людзі. Можна ўявіць, з якім пылам яны кінуліся «раскулачваць», калі прыйшла такая каманда. Больш-менш заможныя людзі, якія сваёй цяжкай працай мелі нешта больш, чым звычайна, аб’яўляліся «кулакамі». Ня ўсе з гэтых «кулакоў» маглі сабе дазволіць нават хоць аднаго батрака. І вось прыходзяць і накладаюць вялікія выдаткі. Людзі цягнуцца-цягнуцца, каб расплаціцца. Назьбіраюць на выдатак. А ім новы – яшчэ больш. Калі ўжо няма чым плаціць – прыходзяць з сельсавета, забіраюць усё, але ўся роўна не хапае. Тады чырвоны сьцяг у дымаход, а ўсю сям’ю ў Сыбір. Але і гэта было не самае горшае… Хаця гэтых людзей разам са старымі і дзяцьмі прывозілі і кідалі ў самыя пустыя месцы тайгі, іх выжыла нямала. Усё ж людзі былі працоўныя. Нашмат больш згінула сярод тых, хто застаўся ў багатай хлебасольнай Украіне… Гэта быў жахлівы галядамор 32-33 гада…

Я памятаю, што ў савецкія гады проста ніхто ня верыў, калі я камусьці пачынаў пра гэта распавядаць. Як? У самы росквіт калектывізацыі? Але менавіта калектывізацыя ператварыла голад у такі жах, якога, магчыма, ня ведала гісторыя. Справа ў тым, што калі голад натуральны, ніколі так не бывае, каб зусім нічога не было з яды ў вёсцы. Нават пры пазьнейшых калгасах было ўжо ня так. А вось у першыя гады калектывізацыя была агульная і поўная. Нават самыя малыя жывёліны забіраліся ў калгас. А ў калгасе, як вядома, працавалі за «палачкі». І раптам паступіла каманда зьвесьці з вёсак увесь ураджай. Людзі не атрымалі нічога. Абсалютна…

Цяжка пра гэта распавядаць. Скажу толькі, што нават мой бацька, клясычны камуніст, калі гэта пераказваў мне, пачынаў плакаць і казаў: «Не, ніколі я ім гэта не змагу дараваць»…

З даволі вялікіх сем’яў маіх бацькоў амаль ніхто ня выжыў. Вельмі зразумела, чаму ўкраінцы з кветкамі сустракалі нямецкіх захопнікаў. Бо больш горшага за камуністаў ім было цяжка было і ўявіць. Але ж мой бацька ўсё ж чамусьці стаў камуністам потым, ужо на вайне. І камуністам такім сьвядомым, як у кіно. Ніякай карысьці. Асабіста для сябе нічога на гэтым не ўзяў. Нават і кар’еру не зрабіў. Ужо калі амаль канчалася вайна, з фронту адкамандзіравалі яго ў рады… НКВД. І паслалі ў Беларусь. Працаваць у так званых ОББ – “Органы Борьбы с Бандітізмом”. Якія бандыты былі ў Беларусі? Як вядома, Беларусь – партызанская краіна. Але мала каму вядома, што партызаны масава не жадалі пасьля прыходу саветаў складаць зброю. Такая сытуацыя была асабліва характэрна для Палесься. Нейкі час мой бацька працаваў у Жыткавічах, а потым у Пінску. За Пінай, у балотах вакол Століна фактычна, як кажуць, «не было савецкай улады». Але мой бацька на гэтай працы неяк ня вельмі, здаецца, сябе паказаў. Таму ён потым працаваў у Камісіі па расьсьледаваньню злачынстваў акупантаў, а яшчэ пазьней у ОБХСС. Хаця яго, як міліцыянта, пужаліся ўсе суседзі (усё ж Заходняя Беларусь), не затрымаўся ён у «органах». За выслугу гадоў быў адпраўлены на пэнсію. Доўгі час працаваў пасьля таго пажарнікам (атрымаў гэтую спэцыяльнасьць у арміі), а скончым тым жа сталяром, якім пачынаў. А сталяром і навогул майстрам ён быў на ўсе рукі. З любым мэханізмам разьбярэцца. Што толькі яму не прыносілі… І гадзіньнікі, і радыё, і друкавальныя машынкі… А таксама музыкальныя інструмэнты, на якіх ён, пакуль рамантаваў, пачынаў граць… Дзіўна, але нічога гэтага мне не перадалося. Мне мэханізмы ў рукі лепш не даваць.

Ну а маці на час вайны засталася ў акупацыі. Разам са старэйшым маім братам.Таксама цікава распавядала пра немцаў. Зусім ня так, як паказваюць у кіно. І казала, што калі б яны не пачалі паранаідальна зьнішчаць габрэяў і камуністаў (а камуністамі фармальна шмат хто быў), ніколі б саветы не перамаглі. Бо аванс даверу да немцаў быў высокі.

Ня ведаю, ці б пазьбегла мая маці Гулагу, калі б засталася на Ўкраіне (бо само тое, што жыў пры немцах, было злачынствам), але як раз яе вызваў да сябе бацька ў Беларусь. Так яны і засталіся ў Пінску. Хаця, колькі сябе памятаю, марылі вярнуцца на Ўкраіну. Яна была для іх нешта падобнае на вырай, з якога іх прагналі. Дома размаўлялі толькі па-ўкраінску. Іншай мове яны і навучыцца не маглі, асабліва маці. Яна ведала шмат усякага фальклёру, які прама сыпаўся з яе языка. Прымаўкі, прыказкі… Дзіўныя, дакладныя, да месца. Адна мая пляменьніца нават дыплём напісала на фальклёры сваёй бабулі, маёй маці. Мне і зараз дзіўна, што яна, простая жанчына, ведала напамяць усяго Кабзара Шаўчэнкі. Далёка яшчэ беларусам да такой нацыянальнай сьвядомасьці…

Але і памятаю, як мы з ёй зьездзілі на Ўкраіну, калі мне было ўжо гадоў 12.

«Няма больш Украіны, раздавілі голадам», - такая была ў яе галоўная выснова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?