10 ліпеня

За бардаўскі фэстываль — штраф

Арганізатараў канцэрту бардаўскай музыкі ў Гомелі 23 чэрвеня Ларысу Шчыракову і Зьмітра Жалезьнічэнку выклікалі ў абласную інспэкцыю Міністэрства па падатках і зборах. Па вэрсіі падаткавікоў, нехта з гледачоў канцэрту нібыта бачыў на месцы скрынку, у якую паклаў пяць тысячаў рублёў, а вось чэк гэтаму чалавеку ня выдалі. Шчыракову і Жалезьнічэнку абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Матэрыялы перададзеныя ў суд. Арганізатарам імпрэзы пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Флэш‑моб у абарону Горадні

Акцыя адбылася на пешаходнай вуліцы Савецкай. Чацьвёра маладзёнаў трымалі аркушы паперы са словамі «Вярніце нашу гісторыю». Двое ўдзельнікаў акцыі капалі пясок дзіцячымі шуфлікамі, яны мелі прымацаваныя да галавы партрэты старшыні гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі і кіраўніка аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Судзяць Лукашова

10 ліпеня падчас судовага разгляду пацярпелы па справе Кастуся Лукашова, супрацоўнік міліцыі Анатоль Сушчэня, адмовіўся ад сваіх матэрыяльных прэтэнзій да абвінавачанага. Пракурор прасіў суд пакінуць у сіле папярэдняе рашэньне суду — два гады ўмоўна, пры гэтым лічачы, што няма ніякіх падстаў не давяраць пацярпеламу А.Сушчэню.

«Маладому фронту» адмовілі ў рэгістрацыі

Упраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі менскай гарадзкой грамадзкай арганізацыі «Малады фронт». Гэта ўжо пятая такая адмова «МФ».

Не даюць пікетаваць за Казуліна

Берасьцейскі гарвыканкам не задаволіў заяўку абласной арганізацыі Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі на правядзеньне пікету ў падтрымку Аляксандра Казуліна.

11 ліпеня

Каліноўцаў цягаюць у КДБ

Моладзевы актывіст Аляксандар Рэзьнікаў, які вучыцца ў Кракаве па праграме Каліноўскага, быў выкліканы ў Савецкі райаддзел КДБ Менску. Прадстаўнікоў спэцслужбаў цікавілі падрабязнасьці вучобы.

На Фінькевіча ціснуць

Начальнік Магілёўскай спэцкамэндатуры падпалкоўнік Аляксандар Ламаза нагадаў Артуру Фінькевічу пра тое, што на яго, як злоснага парушальніка рэжыму, могуць завесьці крымінальную справу і зьмяніць месца адбываньня пакараньня.

Грышчэня хадзіў на экспэртызу

Баранавіцкі актывіст «Маладога фронту», Яраслаў Грышчэня праходзіў псыханэўралягічную экспэртызу ў мясцовым дыспансэры. Яраслава прывялі ў асобны пакой, дзе знаходзіліся два псыхіятары (так яны адрэкамэндаваліся), а таксама сьледчая Юлія Аскальдовіч, адваката не пусьцілі. Хлопца пасадзілі на крэсла пасярод кабінэту і пачалі задаваць пытаньні, што тычаць ягонай біяграфіі, бацькоў, апазыцыйнай дзейнасьці. Пыталіся, ці ня лічыць ён сваю дзейнасьць бессэнсоўнай, чаго дабіўся ў жыцьці, кім ён ёсьць цяпер.

12 ліпеня

Ад палякаў адчапіліся

Беларускія ўлады спынілі крымінальную справу супраць чатырох чальцоў Саюзу палякаў Беларусі. Анджэй Пачобут, Юзаф Пажэцкі, Веслаў Кеўляк і Анджэй Пісальнік змогуць цяпер зьвярнуцца ў гарадзенскую міліцыю па штамп у пашпарце, які дазваляе выязджаць зь Беларусі ва ўсе краіны сьвету.

Ліквідоўваюць «Супольнасьць»

Пэрспэктыва закрыцьця навісла над чарговай пакуль яшчэ зарэгістраванай дэмакратычнай грамадзкай арганізацыяй — Менскім гарадзкім грамадзкім аб’яднаньнем «Цэнтар Супольнасьць».

13 ліпеня

Казулін сустрэўся зь сям’ёй

Адбылося трохдзённае спатканьне Аляксандра Казуліна, які адбывае турэмнае зьняволеньне, з сям’ёй. На спатканьне ў віцебскую калёнію паехалі яго дочкі Вольга і Юлія. Дзяўчаты прабудуць з бацькам да панядзелку. Дарэчы, акурат у гэты дзень споўніўся год, як быў вынесены прысуд Аляксандру Казуліну. У заяве прэзыдыюму БСДП гаворыцца, што гэты працэс быў беспрэцэдэнтным: упершыню ў краіне асудзілі былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Сьмеласьць Валожын узяла

Вернікі пратэстанцкай суполкі «Царква Ісуса Хрыста» адстаялі свой летнік у Валожынскім раёне, дзе адпачывае каля сотні чалавек. Мясцовыя ўлады патрабавалі закрыць летнік, калі ня будуць выкананыя ўсе неабходныя працэдуры. Патрабавалі падаць сьпіс усіх удзельнікаў арганізаванага адпачынку, здабыць дазвол абласной адміністрацыі і камітэту ў справе рэлігіяў на правядзеньне летніка.

16 ліпеня

Дзень салідарнасьці

Дзясяткі людзей прыйшлі да касьцёлу Сьвятога Язэпа на вуліцы Кірылы і Мяфода. Людзі трымалі у руках партрэты палітвязьняў і маліліся. Побач дзяжурылі супрацоўнікі АМАПу. Раней некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску з партрэтамі палітвязьняў. Людзі здолелі прастаяць на плошчы ўсяго некалькі хвілін. Як толькі ўдзельнікі акцыі дасталі партрэты палітвязьняў, да іх падышлі супрацоўнікі АМАПу ў цывільным і запатрабавалі разысьціся. Людзей выціснулі з плошчы на праспэкт Незалежнасьці ў бок ГУМу.

Не пусьцілі журналіста

Беларускія памежнікі не дазволілі праехаць з Варшавы ў Маскву карэспандэнту «Gazety Wyborczej» Вацлаву Радзівіновічу.

Мілінкевіч зьвярнуўся ў КДБ

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч накіраваў зварот кіраўніцтва КДБ з патрабаваньнем спыніць перасьлед за іншадумства студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой па праграмах для рэспрэсаванай моладзі. У гэты самы дзень Мілінкевіча затрымлівалі ў Астраўцы за знаходжаньне ў памежнай зоне.

Сьцягі над Віцебскам

У ноч з 13 на 14 ліпеня легендарны Мірон вывесіў над фэстывальным Віцебскам два бел‑чырвона‑белыя сьцягі: над абласным судом і кавярняй «Аўрора».

19 ліпеня

Забаранілі пікеты на Бангалоры

Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні ў парку «Дружбы народаў» пікетаў салідарнасьці з палітвязьнем Аляксандрам Казуліным. Плянавалася, што пікеты пройдуць з 21 да 31 ліпеня.

За майку

Актывіст Руху «За Свабоду» Яраслаў Берніковіч з Глыбокага (Віцебская вобласць) аштрафаваны на 10 базавых велічыняў за тое, што быў апрануты ў майку з надпісам «Рух «За Свабоду».

Закрываюць «зялёных»

Міністэрства юстыцыі накіравала ў Вярхоўны Суд іскавую заяву аб ліквідацыі Беларускай экалягічнай партыі зялёных «БЭЗ». Як паведамляе прэс‑служба Мін’юсту, падставай для гэтага паслужыла невыкананьне партыяй нормаў беларускага заканадаўства.

На волі Каліта

Старшыня моладзевай камісіі партыі БНФ Алесь Каліта адседзеў 15 сутак арышту ў турме на вуліцы Акрэсьціна паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве.

23 ліпеня

На 10 сутак

Маладафронтаўцы Кірыла Мацкевіч і Уладзімер Сяргееў асуджаныя на 10 сутак арышту. 20 ліпеня, у дзень народзінаў зьняволенага лідэра моладзевага руху Зьмітра Дашкевіча ў Менску, на мосьце цераз Нямігу, яны паспрабавалі вывесіць віншавальную расьцяжку «З днём народзінаў, Зьміцер Дашкевіч!»

Зь міліцыі ў больніцу

20 ліпеня ў Менску каля плошчы Якуба Коласа за нашэньне майкі «За Свабоду» быў затрыманы Максім Сергіец. Ужываньне фізычнай сілы з боку міліцыянта справакавала ў затрыманага прыступ хваробы. Лекары рэкамэндавалі шпіталізацыю.

Ператрус у Гарэцкага

Адбыўся ператрус на кватэры моладзевага актывіста Барыса Гарэцкага. Ператрус праводзілі супрацоўнікі абласнога КДБ. У вынікі канфіскаваныя кампутарны сыстэмны блёк і падшыўка «Нашай Нівы».

24 ліпеня

2

Севярынец на сутках

Суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў Паўла Севярынца і Аляксея Шэіна на 15 сутак зьняволеньня за распаўсюд улётак з заклікам прыняць удзел у мерапрыемствах апазыцыі, прымеркаваных да Дня незалежнасьці 27 ліпеня.

Мілінкевічу адмовілі ў рэгістрацыі руху

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду». Заснавальнікі аб’яднаньня маюць намер цягам месяца абскардзіць рашэньне Мін’юсту ў Вярхоўным судзе РБ, падрыхтаваць новы ўстаноўчы сход, а таксама патрабаваць сустрэчы зь міністрам юстыцыі В.Галаванавым і адмены рашэньня Мін’юсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0