Юрый Чыж

Юрый Чыж

29 студзеня выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў два рэзанансныя рашэнні. У наступным сезоне чэмпіянат будзе разыгрывацца па схеме з дзяленнем на «шасцёркі». Пасля двух колаў першынства верхняя «шасцёрка» будзе змагацца за медалі і еўракубкі, ніжняя — за права застацца ў вышэйшай лізе.

Другое рашэнне — колькасць легіянераў у камандах чэмпіяната павялічаная з чатырох да пяці, а расейцы і казахі ўвогуле не будуць лічыцца чужымі. То бок чыста фармальна каманда можа абыходзіцца без ніводнага беларуса.

Звяртае на сябе ўвагу, што прайшлі зацвярджэнне рашэнні, якія лабіраваў уладальнік мінскага «Дынама» мільянер Юрый Чыж. Затое прапановы галоўнага трэнера барысаўскага БАТЭ Віктара Ганчарэнкі былі цалкам праігнараваныя.
БАТЭ выступаў за пашырэнне эліты з 12 да 16 клубаў, а таксама за змяншэнне колькасці легіянераў. «Я хачу ў Еўропу, а для гэтага мне патрэбныя легіянеры», — казаў уладальнік «Трайпла».

«Калі ў кагосьці ёсць жаданне выводзіць тут нейкую тэндэнцыю, то калі ласка, але я б не спяшаўся», — кажа намеснік галоўнага рэдактара «Прессбола» Сяргей Новікаў.

«Я б не стаў гаварыць, што некаму выгадна, а камусьці — не. Мне здаецца, што выканкам БФФ разглядаў нязначныя пытанні, дэкаратыўныя, а шырэйшыя — напрыклад, як прыцягнуць людзей на стадыён, яны не абмяроўвалі», — дадае кіраўнік сайта goals.by Максім Беразінскі.

Па яго словах, метады па прыцягванні людзей добра вядомыя любому маркетолагу. «Прапаганда чэмпіянату, праца са СМІ, білборды.

У нас у чэмпіянаце ўжо другі сезон гуляе Аляксандр Глеб. Чаму няма нідзе пра тое, якая крутая зорка побач з намі?
Пазіцыя федэрацыі па меншай меры недальнабачная», — дадае Беразінскі.

Ці зможа нехта ў наступным сезоне ўсур’ёз прэтэндаваць на тое, каб забраць чэмпіёнскі тытул у БАТЭ? «Не думаю. Цяперашняя трансферная палітыка мінскага «Дынама» яшчэ больш правальная, чым летась. Каб на нешта прэтэндаваць, то трэба набываць легіянераў не горшых, чым Брэсан і Сіміч, якія былі ў БАТЭ», — гаворыць Новікаў.

Беразінскі пагаджаецца: «Цалкам можа скласціся сітуацыя, калі БАТЭ забяспечыць сабе камфортную перавагу, нягледзячы на новаўвядзенні».

«Заявы Юрыя Аляксандравіча Чыжа заўсёды гучныя. Тым не менш, сітуацыя не мяняецца.
Было шмат словаў, што ў «Дынама» прыедуць легіянеры з топ-чэмпіянатаў, і дзе яны?» — кажа кіраўнік goals.by.

Шмат гадоў паміж БАТЭ і «Дынама» існавала вусная дамоўленасць аб ненападзе. То бок гульцы з Мінска не пераходзілі ў Барысаў і наадварот. Цяпер жа ў стан каманды Юрыя Чыжа, мусіць, пяройдзе скандальны брамнік Аляксандр Гутар. Дык можа гэта пачатак вайны паміж двума самымі амбіцыйнымі клубамі краіны?

«Колішні пераход трэнера Ігара Крывушэнкі ў «Дынама» быў нашмат больш сур’ёзным, чым цяпер Гутара. Для БАТЭ страта Гутара не настолькі вялікая. Можа ў наступным сезоне выстраліць запасны брамнік БАТЭ Шчарбакоў?» — гаворыць Новікаў.

Цікава, што ў першай палове дня, калі праходзіў выканкам БФФ, адбывалася нарада ў Лукашэнкі па спорце.
Кіраўнік краіны патрабаваў, каб колькасць легіянераў у айчынных клубах паменшала. Па абедзе ж БФФ павялічыла квоту. «Я не перажываю, што рашэнне не супала з патрабаваннем прэзідэнта, мяне хвалюе, што прынятыя нормы не пойдуць на карысць нашага футбола», — зазначае Беразінскі.

«Перакананы, што ў выпадку павелічэння квоты на легіянераў колькасць імпартнага сэканд-хэнду рэзка ўзрасце. Датычна расейцаў — тое ж самае. Пяць расейцаў другога эшалона ў камандзе — небяспечна ўтрая», — згаджаецца Сяргей Новікаў.

Перамены ў беларускім футболе саспелі. Аднак гэта яшчэ не рэвалюцыйная сітуацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?