Штрафы і дзяржаўныя пошліны ў Беларусі можна будзе аплаціць па безнаяўным разліку, у тым ліку праз інтэрнэт. Пра гэта паведаміў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

Паводле яго слоў, тэрміны ўвядзення аплаты штрафаў і дзяржаўных пошлін па безнаяўным разліку пакуль не вызначаны, аднак праца ў гэтым кірунку ўжо пачалася. Пакуль жа аплату можна зрабіць у банку. Як адзначыў Сліжэўскі,

у 2012 годзе судамі Беларусі спагнана 5 трлн. рублёў розных штрафаў і дзяржаўных пошлін, што ў 4,5 разу больш, чым у 2011 годзе.

Як паведаміў Сліжэўскі, Мінюст мае намер укараняць у працу судоў новыя інфармацыйныя тэхналогіі. «Найперш гэта робіцца для людзей, каб правасуддзе было даступным, зразумелым. Акрамя таго, суддзі атрымаюць магчымасць больш якасна рыхтаваць справы да разгляду, аператыўна вывучаць змяненні ў заканадаўстве, укараняць іх у судовую практыку», — сказаў міністр.

У прыватнасці, плануецца ўкараніць аўдыё- і відэазапіс судовых працэсаў, каб «грамадзяне больш давяралі судовым працэдурам», а таксама наладзіць відэаканферэнцсувязь паміж судамі краіны.

Сліжэўскі таксама паведаміў, што Мінюстам сумесна з іншымі зацікаўленымі органамі «прапрацоўваецца пытанне» аб стварэнні адзінай службы службовых выканаўцаў агульных і гаспадарчых судоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?