Супрацоўнiкi мытнi «Заходнi Буг» затрымалi буйную партыю валюты, мабiльных тэлефонаў i лiчбавых фотаапаратаў агульным коштам прыкладна 1 мiльярд рублёў.

Як паведамiлi «Звяздзе» ў прэс‑службе Дзяржаўнага мытнага камiтэта, у пункце пропуску «Варшаўскi мост» увагу беларускiх мытнiкаў прыцягнуў мiкрааўтобус «Мерседэс Спрынтар». У мытнай дэкларацыi, якую прад’явiлi пры ўездзе з тэрыторыi Польшчы ў Беларусь вадзiцель транспартнага сродку, жыхар Жлобiна, i двое пасажырак, былi пазначаны толькi наборы посуду, пакунак пральнага парашку i чатыры аўтамабiльныя колы. Мытнiкаў такая сцiпласць насцярожыла i яны вырашылi больш дэталёва праверыць мiкрааўтобус. Падчас «паглыбленага агляду» пад абшыўкай падлогi транспартнага сродку было выяўлена 265 тысяч долараў, 467 мабiльнiкаў, 16 лiчбавых фотаапаратаў i розных аксесуараў да бытавой тэхнiкi. Грошы i тавары канфiскаваныя. Больш за тое, па факту кантрабанды ўзбуджана крымiнальная справа. Вадзiцель мiкрааўтобуса змешчаны ў следчы iзалятар.

«Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0