Аляксандр Лукашэнка патрабуе істотна палепшыць гандлёвае абслугоўванне населеных пунктаў, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, а таксама садоўніцкіх таварыстваў, месц масавага адпачынку насельніцтва. Аб гэтым сёння кіраўнік дзяржавы заявіў на справаздачным агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Белкаапсаюза.

«Вяскоўцаў нельга крыўдзіць! Ім неабходна прадаставіць дастатковы выбар запатрабаваных тавараў па прымальных цэнах», — сказаў Лукашэнка.

«У вёсках жыхары гэтак жа, як і ў горадзе, павінны мець магчымасць заказаць неабходныя нехарчовыя тавары, у тым ліку складанабытавыя, а вы абавязаны выконваць гэтыя заказы ў сціслыя тэрміны і з дастаўкай дадому», — адзначыў ён, звяртаючыся да прысутных.

Лукашэнка лічыць неабходным прадоўжыць набыццё аўтамагазінаў, тым больш што на беларускіх прадпрыемствах асвоены іх выпуск.
«Прыміце як маё патрабаванне, каб кожны такі населены пункт абслугоўваўся аўтамагазінам не радзей як 3 разы на тыдзень», — падкрэсліў ён. Ён таксама дадаў, што прадаўцы гэтых магазінаў па заяўках людзей павінны дастаўляць ім тавары дадому, таксама і тым, хто не замацаваны за сацыяльнымі работнікамі.

Лукашэнка падкрэсліў, што кааператыўныя магазіны трэба зрабіць больш прывабнымі для пакупнікоў як па асартыменту тавараў, разнастайнасці паслуг, так і па культуры абслугоўвання. «Магазін у вёсцы павінен стаць сапраўды адным з цэнтраў грамадскага жыцця», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што па-ранейшаму значная частка тавараабароту ў вёсцы складваецца за кошт рэалізацыі хлеба, алкагольных напіткаў, тытунёвых вырабаў, цукру. У той жа час у структуры тавараабароту невысокая доля такіх неабходных нехарчовых тавараў, як адзенне, абутак, складанатэхнічныя тавары, мэбля. «Лічу, што тут службы спажыўкааперацыі істотна недапрацоўваюць», — адзначыў Прэзідэнт.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?