Чаго толькi ня робяць аўтары, каб заваяваць чытача. У XIX ст. Дастаеўскi засек у сваёй кнiзе старую‑працэнтшчыцу. У ХХ ст. Умбэрта Эка атруцiў манаха. У ХХІ ст. Джаан К. Роўлiнг узяла ў закладнiкi хлопчыка, якога можа з поўным правам лiчыць сваiм сынам.

Нiбы той бiн Ладэн, аўтарка эпапэi пра Гары Потэра заявiла, што адзiн (а можа, i не адзiн) з галоўных герояў будзе ў фiнале немiнуча забiты. I чалавецтва выявiлася бездапаможным перад тварам лiтаратурнага тэрарызму: яму засталося адно чакаць на гадзiну iкс, калi апоўначы адчыняцца кнiгарнi, разгорнуцца апошнiя старонкi кнiгi, i, углядаючыся ў твары забiтых, можна будзе з жахам пазнаць бляск знакамiтых круглых акуляраў. Цi па‑здраднiцку ўздыхнуць з палёгкай, зразумеўшы, што памёр хтосьцi iншы.

У сучасным сьвеце бэстсэлер перастае быць проста кнiгай — ён ператвараецца ў маркетынгавую кампанiю. Спачатку — пiяр‑раскрутка, iнтэрвiю аўтара, атмасфэра сакрэтнасьцi ды абавязковыя iнфармацыйныя ўцечкi пра сюжэт у iнтэрнэце. Выхад кнiгi — штурм кнiгарняў у жывым тэлеэфіры, публiчныя чытаньнi апоўначы ды супэрмаркеты, напакаваныя суправаджальнымi прадуктамi накшталт постэраў, кубкаў ды гальштукаў з выявамi герояў. Пасьля — зьяўленьне шматлiкiх дадатковых выданьняў на тэму кнiгi (комiксы, размалёўкi, фотаальбомы ды сур’ёзныя крытычныя дасьледаваньнi), стварэньне сайтаў, выхад кампутарнай гульнi. Кульмiнацыя кампанii — прэм’ера чарговага блакбастэру. Калi ўсё прайшло ўдала, пiшацца працяг кнiгi — i кампанiя паўтараецца наноў, штораз у большых маштабах.

Прыгоды Гары Потэра — месцамi зацягнутая, аднак безумоўна захапляльная ды таленавiта выпiсаная кнiга для дзяцей. Вось толькi незвычайная ўвага да яе, падаграваная выдаўцамi дзеля атрыманьня максымальнага прыбытку, змусiла i аўтарку i чытачоў весьцi сябе даволi ненатуральна — нiбыта яны ствараюць ды спажываюць не лiтаратурны, а iнтэрактыўны мэдыйны прадукт.

Па‑першае, пiшучы свае кнiгi, Роўлiнг актыўна кантактавала з чытачамi ды, безумоўна, мусіла ўскосна ўлiчваць iх жаданьнi (мiльённыя кантракты не прадугледжвалi чытацкага расчараваньня). Такiм чынам, у нечым чытачы самi стваралi гэтую кнiгу.

Па‑другое, узяўшы ў закладнiкi Гары Потэра, Роўлiнг зь пiсьменьнiцы ператварылася ў ньюзмэйкера. Бадай, упершыню рэальныя навiны стваралiся не самой кнiгай, а непасрэдна яе прыдуманым пэрсанажам. Лёс няiснага Гары Потэра, якому пагражае вiртуальная сьмерць, усхваляваў многiх ня менш за лёс жывых закладнiкаў, захопленых якiмi‑небудзь талiбамi.

Да чаго давялi нас мэдыi! Мы бачым у тэлевізары рэальную вайну, а ўспрымаем яе, нiбы мастацкі фiльм. Мы чуем пра тое, што пэрсанажам‑прыдумкам пагражае віртуальная сьмерць, і шчыра зычым ім выжыць. Мы жывем у сьвеце чараўнiкоў, якiя ствараюць рэальнасьць, варожачы над тэлепультамi ды кампутарамi.

Апошняя кнiга Роўлiнг зрабiлася, бадай, найбольш чытанай — з апошняй старонкi — кнiгай у сусьветнай гiсторыi. Гары Потэр жывы — уффф… Пранесла. Iншымi героямi можна i ахвяраваць, абы ўсё было добра з тым, да каго пасьпеў так прызвычаiцца… Адчуваньне, падобнае да таго, калi ты глядзiш «Эўраньюз» i ў глыбiнi душы цешысься, што бомбы iрвуцца не на тваёй вулiцы.

Гары Потэр быў абудзiў на Захадзе надзею на тое, што дзецi пачнуць болей чытаць. Цуду, аднак, не адбылося. Чыталi сапраўды больш — але, збольшага, тую самую Дж. К Роўлiнг. Вырасла цэлае «пакаленьне адной кнiгi». Сёньняшнiя студэнты ўпершыню ўзялi ў рукi кнiгу пра свайго аднагодка‑ведзьмака, калi iм было па 10—11 год. Сёмы том — гэта канец іх дзяцiнства. Цяпер яны — дарослыя, якiя звыклiся да таго, што кнiгу для чытаньня iм падказвае тэлевiзар.

Хрысьцiянскiя цэрквы актыўна абвiнавачваюць Роўлiнг у тым, што празь яе кнiгi ў душу дзяцей знаходзiць шлях д’ябал. Па‑першае, Потэр зь сябрамi безь перапынку вядзьмачаць. Па‑другое, у кнiзе паўстае ўвасобленае сусьветнае Зло, аднак яму не супрацьстаiць увасобленае сусьветнае Дабро. Героi змагаюцца са злом без дапамогi звыш. То бок галоўная прэтэнзія ў тым, што Гары Потэр — кнiга бяз Бога.

Але цi такi ўжо бязбожны Гары Потэр? Хлопца ахоўвае i дае яму сiлу, найперш, бязьмежная любоў яго памерлых мацi ды бацькi, потым — сяброўства, уласны досьвед ды кемлiвасьць i толькi ў апошнюю чаргу — недасканалы iнструмэнт чараўнiцтва. Любоў — наймацнейшая сiла, якая перамагае зло — вось галоўная iдэя кнiгi. Неяк не паварочваецца язык назваць яе антыхрысьцiянскай. Зрэшты, апантаныя «потэраманы» выклiкаюць такую самую ўсьмешку, як i зацятыя «потэрафобы» — бо i тыя i iншыя ставяцца да фантазii нiбы да рэальнасьцi, бяздумна патрапляючы ў тую самую спакусьлiвую мэдыяпастку.

Украiнскi пераклад Гары Потэра многiя лiчаць нашмат больш удалым за расейскi. А вось кнiгi пра Гары Потэра па‑беларуску за гэтыя гады так i не зьявiлася. Гэта тым больш дзiўна для краiны, якой ужо шмат год валадарыць злы чараўнiк («самi‑ведаеце‑хто»), i дзе многiя ўжо даўно чакаюць на зьяўленьне героя, што ведае чароўную формулу для абуджэньня народу да зьменаў. Вось толькi сапраўднае зло перамагаецца ўсё‑такі ня магiяй, а любоўю, сьмеласьцю ды гнуткiм розумам — таксама, мiж iншым, мараль ад Дж. К. Роўлiнг.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0