У Быхаўскім раёне (Магілёўская вобласць) чатырох даярак асудзілі за крадзеж 10 літраў малака. Жанчыны павінны выплаціць штраф у мільён рублёў кожная. На судовым пасяджэнні даяркі даводзілі, што іх заробак мізэрны, таму яны мусяць красці, каб пракарміць сем`і.

Затрымалі даярак падчас міліцэйскага рэйду. Судзілі іх на выязным судовым пасяджэнні ў Ямніцкім сельскім савеце. Сваю віну жанчыны прызналі. Адна з іх растлумачыла, чаму наважылася на крадзеж:

«Мой заробак за той месяц склаў 1 мільён 628 тысяч рублёў. У астатніх дзяўчат — 1 мільён 300 тысяч. Я скрала паўтара літра малака, і мне штрафу далі мільён.
Так, я дрэнна паступіла. Мне сорамна за гэта, але мне не хапае гэтага заробку. Бачыце, як мы пражылі? Пражылі мы на мільён! Я заплачу гэты мільён, але буду сядзець без хлеба. Ладна, ужо як-небудзь».

На судзе яшчэ адна даярка заяўляла, што крала малако, каб пракарміць дзяцей. Як кажуць даяркі з вёскі Ямнае, заробкі ў іх малыя, бо расцэнкі на малако мізэрныя.

Старшыня сельгаспрадпрыемства «Валадарскі» Сяргей Акуленка заяўляе, што заробкі ў даярак прымальныя. «Два мільёны 650 тысяч рублёў у нас сярэдні заробак, — кажа ён.
— Ну, калі яны папаліся, то ім жа трэба нешта казаць было. Вось і казалі, што заробкі малыя. Іх жа папярэджвалі, каб малако не кралі. Няхай выпісваюць. Народ жа, ён хоча сабе бліжэй. Яны там усе такія. Калі ж іх выгнаць, то больш няма каму будзе даіць».

Як сцвярджаюць асуджаныя даяркі, заробкі ў іншых гаспадарках раёна такія ж, як і ў іх. «І калі там не выявілі крадзяжоў, дык гэта толькі пакуль», — кажуць яны.

У сельгаспрадпрыемствах Горацкага раёна даяркі атрымліваюць не больш, чым у быхаўскіх. Пра гэта кажуць тамтэйшыя работнікі.

«Заробак таксама паўтара мільёна. Заробак у механізатараў — мільён васямсот. Была пасяўная, уборачная — заробак быў два мільёны, два з паловай. Прыпіскі паўсюль.
Паводле тых звестак, якія выдаюцца на райвыканкам, заробкі павінны быць цудоўныя. Няма ў нас зніжак ніякіх на тое, каб нешта выпісаць. І малако — экстра, але чаму заробкі малыя, мы не ведаем», — кажа даярка з Горацкага раёна.
Аляксандр Лукашэнка неаднойчы выказваўся на тэму заробкаў у сельскай гаспадарцы.
У 2006 годзе на сустрэчы з расійскімі журналістамі кіраўнік дзяржавы заявіў, што заробкі ў беларускіх даярак сягаюць да 600 долараў. У 2011 годзе, паводле слоў прэзідэнта, заробкі на фермах выраслі да 700–800 долараў. Яго словы: «Сёння на ферму не зойдзеш — даярка не пусціць. Гэта яе гаспадарка. Яна там атрымлівае 700–800 долараў», — выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве.

Эканаміст Андрэй Юркоў кажа, што ў рэгіёнах ёсць гаспадаркі, дзе даяркі маюць добрыя заробкі, аднак такія выпадкі адзінкавыя.

На бальшыні ж фермаў зарплаты мізэрныя. Паводле слоў эканаміста, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў не рызыкуе прыпісваць валавыя паказнікі, а вось з заробкамі прасцей: «Начальства мусіць выбіраць. Вядома, для іх лепей прыпісаць заробак. На паперы ўсё прыгожа будзе, але ж колькі чалавек рэальна працуе на той заробак — гэта цяжка сказаць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?