Першы ў гісторыі дакументальны фільм пра Станіслава Булак-Балаховіча — першага генерала Беларускай Народнай Рэспублікі і генерала польскага войска. За часам ягонага жыцця, як і пасля трагічнай смерці, адныя лічылі яго наймітам і авантурыстам, іншыя — пакутнікам і героем.

Аўтары стужкі «Генерал няскончанай вайны», знятай на замову тэлеканалу Белсат, шукаюць адказ на пытанні, кім насамрэч быў, за што змагаўся і як загінуў генерал, трагічна звязаны з гісторыяй беларусаў і палякаў.

​​Станіслаў Булак-Балаховіч, адзін зь лідараў узброенага супраціву бальшавікам у Беларусі, нарадзіўся 130 гадоў таму — 10 лютага 1883 года.

Станіслаў Булак-Балаховіч служыў у расейскім войску, пасля ўдзельнічаў у барацьбе з бальшавікамі на баку «белых».

У лютым 1920 года ён звярнуўся да кіраўніка Польшчы Юзафа Пілсудзкага з просьбай прыняць яго на службу для вайны з савецкай Расеяй. Пасля атрыманьня згоды Булак-Балаховіч са сваім атрадам прыбыў у Даўгаўпілс (Дзвінск), дзе быў урачыста прыняты знакамітым польскім генэралам Эдвардам Рыдз-Сміглым.

Адразу ж пасля прыбыцьця ён пачаў фармаваць сваё войска з дабраахвотнікаў. У чэрвені 1920 года дывізія Булак-Балаховіча ўступіла ў баі з бальшавікамі. 30 чэрвеня яна нанесла цяжкую паразу чырвоным часткам у раёне Славечны. 3 ліпеня балахоўцы атакавалі Вяледнікі, захапіўшы штаб брыгады. Падчас баёў генерал практыкаваў сваю любімую тактыку партызанскага бою.

Пасьля заключэння ў 1920 годзе перамір’я паміж Масквой і Варшавай генерал далей наносіў удары з тэрыторыі Польшчы па бальшавіцкіх войсках у Беларусі. Савецкі ўрад накіраваў пратэст, і польскі Сэйм запатрабаваў раззбраення ягонага войска.

Булак-Балаховіч адмовіўся выканаць патрабаванне і перайшоў савецка-польскую мяжу. План генерала быў просты — падняць сялянскае паўстанне і скінуць савецкую ўладу. Цягам двух дзён ягоныя войскі занялі тэрыторыю беларускага Палесся ад мяжы з Польшчай да Петрыкава. 9 лістапада 1920 кавалерыйская дывізія палкоўніка Сяргея Паўлоўскага разбіла чырвоных пад Раманаўкай. Палкоўнік Мацвееў заняў Скрыгалаў. Пераможны паход балахоўцаў скончыўся узяццем Мазыра 12 лістапада 1920 г.

За некалькі дзён да гэтага на ўрачыстым парадзе сваіх войскаў у Тураве Булак-Балаховіч разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг і пакляўся не складаць зброі, пакуль не вызваліць родны край ад савецкіх войскаў. У Мазыры ён абвясціў аб аднаўленні ўлады БНР і роспуску ўраду БССР. 14 лістапада генерала абвясцілі галоўнакамандуючым узброеных сілаў.

Бальшавікі перакінулі вялікія сілы з цэнтральнай Расеі. Толькі дзякуючы велізарнай колькаснай перавазе яны здолелі дамагчыся пералому на фронце.

У ноч на 18 лістапада Булак-Балаховіч быў вымушаны пакінуць Мазыр. З вялікай цяжкасцю ён здолеў прабіцца да польскай мяжы. У Польшчы ягоныя войскі былі інтэрнаваныя і раззброеныя. Асобныя атрады працягвалі ўзброены супраціў на тэрыторыі Беларусі.

Савецкі ўрад запатрабаваў ад Пілсудзкага выдачы Балаховіча, аднак ён адмовіўся зрабіць гэта. Пасьля акупацыі Польшчы ў 1939 годзе нямецкімі войскамі Булак-Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад дзеля барацьбы з акупантамі. Ён быў забіты ў Варшаве 10 мая 1940 года нямецкім патрулём. Месца пахавання Балаховіча невядомае.

Таксама чытайце:

Калі б Балаховіч перамог

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?