Сёння на спецыяльнай прэс-канферэнцыі арганізатары літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца абвесцілі шорт-ліст. Беларуска-польскае журы адабрала з дванаццаці кніг шэсць.

У шорт-ліст уключаныя:

1. Сяргей Балахонаў «Зямля пад крыламі Фенікса».

2. Альгерд Бахарэвіч «Гамбургскі рахунак».

3. Адам Глобус «Сказы».

4. Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без».

5. Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».

6. Юрый Станкевіч «Шал».

У шорт-ліст не трапілі кнігі, якія высока ацэньваліся крытыкамі: «Рай даўно перанаселены» барысаўскай пісьменніцы Алены Брава, а таксама зборнік Андрэя Федарэнкі «Ланцуг».

Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Барыса Пятровіча, сябры журы самі былі шакаваныя вынікамі галасавання: у кожнага была свая шасцёрка, але вынік апынуўся непрадказальным.

Паводле меркавання Барыса Пятровіча, варта змяніць фармат прэміі і прапарцыйна падзяліць яе паміж некалькімі аўтарамі. «Агульнаеўрапейскі прынцып, на якім базуецца прэмія, не падыходзіць для Беларусі, — кажа Пятровіч. — Бо такая прэмія ў Беларусі адна, а ў еўрапейскіх краінах іх дзясяткі».

Нагадаем, у мінулым годзе прэмію Гедройца атрымаў Павел Касцюкевіч за кнігу «Зборная РБ па негалоўных відах спорту».

Члены журы: Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Павал Касцюкевіч, Ганна Кісліцына, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Малгажата Бухалік, Пётр Казакевіч, Адам Паморскі, Лешак Шарэпка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?