Мінулай ноччу бел‑чырвона‑белы сьцяг зьявіўся на даху дома №41 па праспэкце Фрунзэ. У суседнім будынку пад нумарам 41А месьціцца Віцебская абласная ўправа Міністэрства ўнутраных справаў.

«Мне стала вядома, што недалёка ад абласной управы Міністэрства ўнутраных спраў, на даху пяціпавярховага жылога дому, залунаў сьцяг. Да яго прымацавана цыдулка наступнага зьместу: «Віншую ўсіх грамадзянаў Беларусі са сьвятам Незалежнасьці! Радзіма для нас — усё, мы без яе — нішто.» Подпіс «Мірон», — паведаміў «Свабодзе» грамадзкі актывіст Барыс Хамайда.

Міронаў сьцяг лунаў над праспэктам усяго некалькі хвілін, бо яго амаль адразу заўважыў нехта з супрацоўнікаў міліцыі. На месца здарэньня зьехаліся некалькі патрульных міліцэйскіх аўтамабіляў, а таксама была выклікана пажарная машына з раскладной лесьвіцай. Бел‑чырвона‑белы сьцяг пад наглядам міліцыі зьнялі супрацоўнікі падразьдзяленьня Міністэрства ў справе надзвычайных сытуацыяў.

Міліцыянты таксама запісалі пашпартныя дадзеныя карэспандэнтаў незалежных СМІ, якія назіралі за падзеямі, ды перагледзелі іхныя асабістыя рэчы ў сумках. Найбольшую цікаўнасьць ахоўнікаў правапарадку выклікаў фотаапарат, а таксама наяўнасьць у пашпартах журналістаў польскіх візаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?