Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч папрасіў вернікаў маліцца ў інтэнцыі Святога Айца Бенедыкта XVI, які «быў дадзены Богам Касцёлу і свету як адпаведны Пантыфік у адпаведны час».
11 лютага ў прамове перад вячэрняй святой Імшой Мітрапаліт сказаў вернікам пра рашэнне Папы аб зыходзе з пасады Наступніка св. Пятра.

Гэтае рашэнне, дадаў арцыпастыр, стала галоўнай навіной ва ўсім свеце, якая прыйшла нечакана, як гром з яснага неба. Іерарх патлумачыў, што гэта суверэннае рашэнне Пантыфіка, якое ніхто не зацвярджае і не прымае, і нагадаў, што Папа аб’явіў аб сваім зыходзе з пасады Наступніка св. Пятра, якое адбудзецца 28 лютага ў сувязі з яго здароўем.

«Для мяне, — падкрэсліў Мітрапаліт, — Бенедыкт XVI нязломны абаронца і прамоўтар хрысціянскай веры.

Ён напісаў тры энцыклікі, правёў Сіноды Біскупаў: аб Эўхарыстыі, аб слове Божым у жыцці і місіі Касцёла і аб новай евангелізацыі. Ён таксама правёў Год святога апостала Паўла — самага вялікага місіянера ўсіх часоў, Год святара і ўвёў Касцёл у Год веры з мэтай яе адрадзіць і ўмацаваць у сучасным свеце. Ён вельмі добра ведаў пра Беларусь і заўсёды, калі спатыкаўся са мной, пытаўся пра нашы справы, — дадаў іерарх. — З іменем Бэнэдыкта XVI звязаны таксама тэлемост — малітва Ружанца са студэнтамі ў 2008 г. Гэты Папа вельмі высока ацаніў пераклады літургічных тэкстаў і магістэрыума Касцёла на беларускую мову».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў маліцца аб здароўі Бэнэдыкта XVI і прасіць Духа Святога, каб указаў кардыналам-выбаршчыкам адпаведнага кандыдата на месца яго наступніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?