Сёлета Вялікі пост распачынаецца 13 лютага. Па традыцыі адбываецца гэта ў сераду, якую называюць Папяльцовай.Вялікдзень католікі будуць святкаваць 31 сакавіка [праваслаўныя -- 5 мая].
У першыя стагоддзі хрысціянства гэты знак выкарыстоўваўся ў якасці бачнага пачатку (часам доўгатэрміновага або праз усё жыццё) пакаяння пасля публічнай споведзі перад адпушчэннем грахоў. З VI па X стст. у Касцёле распаўсюдзілася практыка індывідуальнай споведзі, і гэты ўчынак як знак хуткаплыннага чалавечага існавання, смутку, шкадавання, неабходнасці перамянення і ачышчэння перад Вялікаднем пачалі ахвотна прымаць усе вернікі, якія ўдзельнічалі ў літургіі пачатку Вялікага посту.Пасыпанне попелам у Папяльцовую сераду — адна з даўніх традыцый хрысціянства.
У час Вялікага посту ў касцёлах адбываюцца набажэнствы на ўшанаванне Мукі Езуса Хрыста. У парафіях праходзяць таксама рэкалекцыі — некалькі дзён асабліва прысвечаных Богу, малітве, разважанню над верай, жыццём і адносінамі з людзьмі. Важна памятаць, што пост — гэта не толькі малітва, але таксама міласціна і добрыя ўчынкі.
Што датычыць абмежаванняў у ежы, то на сучасным этапе Касцёл патрабуе ад вернікаў (усіх здаровых людзей ад 18 да 60 гадоў) сціслага посту (адзін пасілак дасыта на працягу дня) толькі два разы на год: у Папяльцовую сераду і ў Вялікую пятніцу.У іншыя дні асаблівых прадпісанняў няма. Кожны вернік можа сам абраць сабе пастановы на пост, каб глыбей перажыць гэты час.