«Літоўскія астраўкі» захаваліся дзе‑нідзе на тэрыторыі вялікага «беларускага мора». Яны захавалі сваю балцкую мову, культуру, традыцыі. Найбольшы цэнтар літоўскасьці ў Беларусі знаходзіцца ў Астравецкім раёне. У склад Гервяцкага сельсавету ўваходзіць каля дзесяці вёсак, у якіх размаўляюць па‑літоўску. Найбольшыя зь якіх — Гервяты, Рымдзюны і Гіры.

Гіры

«Лаба», — вітаюцца з намі вяскоўцы ў Гірах.

Гаворку зразумець неспрактыкаванаму ў літоўскай мове чалавеку немагчыма. З размоваў тутэйшых беларускае вуха можа разабраць хіба толькі расейскі мат, якім мясцовыя жыхары шчодра перасыпаюць сваю мову.

На могілках у Гірах ёсьць старая драўляная капліца. На сьвяты сюды прыяжджае ксёндз з Гервятаў. Службы, натуральна, па‑літоўску. Як ні стараюся, але не магу знайсьці на надмагільных плітах ніводнага славянскага прозьвішча, як няма і ніводнага надпісу кірыліцай.

Заўважаю, што ля адной з магіл завіхаецца мужчына гадоў пяцідзесяці. Падыходжу, каб пачаць размову. Майго суразмоўцу завуць Ёзас Петрыкас (у савецкім пашпарце яго імя пісалі як Іосіф Петрык), ён мясцовы, але ўжо каля 30 гадоў жыве ў Вільні, працуе зваршчыкам.

Ёзас кажа, што абсалютна ўсе ягоныя аднаклясьнікі цяпер жывуць у Літве. Тое і ня дзіва, два разы на дзень праз Гіры праходзіць аўтобусны маршрут зь Вільні. Квіток каштуе ўсяго 9500 рублёў. Рэйс у вёскі суайчыньнікаў даціруецца ўрадам са спэцыяльнага фонду.

Петрыкас езьдзіць да старэнькай маці ледзьве не штотыдзень. З Астраўца ніводнага маршруту да Гіраў ня ходзіць, што тады казаць пра Менск. «Зусім вы, беларусы, пра нас не клапоціцеся», — не без дакору ў голасе гаворыць Ёзас.

Петрыкас з намі размаўляе на добрай расейскай мове, дома — толькі па‑літоўску. Ягоная жонка таксама зь мясцовых літоўцаў.

Ён хваліць Лукашэнку за тое, што навёў у краіне парадак, і ня можа ўзгадаць прозьвішча літоўскага прэзыдэнта. Аднак вяртацца ў Беларусь ён не зьбіраецца, бо ў «Літве большыя пэрспэктывы».

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

«Якая розьніца, ці ты беларус, ці літовец? — кажа Петрыкас. — Помню, што маладымі, калі прыходзілі на танцы, то часта біліся гергуны з гудамі, але так жа паўсюль, а ня толькі ў нас».

Як ні крыўдна, але гэты літоўскі астравок у Гірах хутка зьнікне з мапы Беларусі. Зьнікне не праз асыміляцыю, яна Гірам ужо не пагражае, папросту вёска катастрафічна старэе. Ужо цяпер тут засталося ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, праз колькі дзесяцігодзьдзяў тут банальна можа нікога не застацца.

Такі ж лёс, толькі, відаць, яшчэ хутчэй за Гіры, паўтораць і меншыя літоўскія вёскі, кшталту Гелюноў і Гудзенікаў.

Гервяты

Ужо здалёк добра бачныя шпілі гервяцкага касьцёлу, аднаго з найвышэйшых у краіне.

Выгляд касьцёлу Сьвятой Тройцы ўражвае. Да таго ж, касьцёл патанае ў зеляніне. Папросту нейкі эдэмскі сад.

Практычна адразу сустракаем чалавека, які і спрычыніўся да гэтага хараства. Мужчыну завуць Віктар Ёдка, ён дапамагае мясцоваму ксяндзу. Кажа, што практычна ўсе кветкі і дрэўцы высаджваў сваімі рукамі, ніякай спэцыяльнай адукацыі ён ня мае, аднак усё прыжылося, у тым ліку і некаторыя экзатычныя віды расьлін.

Перад касьцёлам жа раскінулася вялізная плошча, цэнтральная плошча мястэчка, ператвораная ў францускі сад са скульптурамі. Сярод акуратна падстрыжанай травы пралеглі акуратныя дарожкі. Па пэрымэтры расстаўленыя скульптуры апосталаў. Унізе надпісы на літоўскай гаворцы «Piatrus», «Jakubu» і г.д.: Скульптуры набыць дапамаглі таксама літоўцы.

Віктар Ёдка кажа, што чатыры разы на тыдзень у касьцёле ладзяць літоўскія імшы. Сам Ёдка не літовец, але «добра ўжо навучыўся разумець службы па‑літоўску».

Не літовец і ксёндз Леанід Нісьцюк. Па паходжаньні айцец Леанід беларус, але нарадзіўся ў Валгаградзкай вобласьці (Расея), служыў у флёце. Пасьля адчуў сьвятарскае пакліканьне, вучыўся ў Коўне, там і вывучыў літоўскую мову.

У касьцёл я патрапіў акурат у той момант, як там адбывалася вянчаньне. Маладыя — Аляксандар і Іна — мясцовыя беларусы, таму і абрад ксёндз служыць… па‑польску. Беларускіх службаў у Гервятах яшчэ няма.

Пакуль праходзіць вянчаньне, выходжу на двор. На касьцёльным цьвінтары знаходзяцца пахаваньні роду Дамейкаў. Тых самых, зь якіх паходзіць славуты навуковец Ігнат Дамейка.

Бабуля, што назірае праз плот за вясельным паяздам, прызнаецца, што не літоўка і нават ня ведае літоўскай мовы, хоць і пражыла тут усё жыцьцё. Літоўцаў тут засталося добра калі траціна, кажа. «Самі літоўцы іхнюю мову не разумеюць»,— сьмяецца баба Ганна.

Праўда, наступны мой суразмоўца аказваецца ўсё ж літоўцам. Яго завуць Мар’янам, асаблівага энтузіязму ў размове ён не праяўляе. На маё пытаньне, ці ёсьць у Гервятах нейкія літоўскія актывісты, якія клапоцяцца пра старыя звычаі і традыцыі, цікавяцца гісторыяй, дзед адказвае: «Усе мы тут актывісты». А пасьля раіць ехаць у Рымдзюны, калі мы насамрэч шукаем нейкай літоўскасьці, бо ў Гервятах мы яе мала знойдзем.

На звычайнай трасянцы гавораць у аграгарадзкім унівэрсаме «Янтарны», што насупраць касьцёлу.

І школы літоўскай тутака няма. Таму паціху і асымілююцца, страчваюць нацыянальныя рыскі. Разам з тым, практычна ўсе карэнныя вяскоўцы працягваюць запісваць сваіх дзяцей у пашпартах менавіта літоўцамі, бо бачаць для іх пэрспэктыву толькі ў суседняй краіне.

Зьміцер Панкавец

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0