Акупнасць асноўнай масы інвестыцыйных праектаў у Беларусі павінна складаць 3-5 гадоў. Аб гэтым прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі.

Гаворачы аб эфектыўнасці капітальных укладанняў, прэм'ер-міністр адзначыў, што за сем мінулых гадоў у прамысловасць укладзена за кошт усіх крыніц фінансавання $31,5 млрд. інвестыцый. "У прынцыпе, трэба было б у прамысловасць накіраваць больш. Але сёння праблема ў тым, што і гэтыя ўкладанні далі толькі $19,2 млрд. прыросту дабаўленай вартасці за названы перыяд", - звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч. "Сёння, калі краіна пачала масавую мадэрнізацыю, на першае месца трэба паставіць пытанні эфектыўнасці мадэрнізацыі. Не проста мадэрнізацыя дзеля мадэрнізацыі. Кожны ўкладзены рубель інвестыцый павінен даваць 2-3 рублі дабаўленай вартасці. Акупнасць асноўнай масы праектаў павінна складаць 3, максімум 5 гадоў", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Мадэрнізацыя ў Беларусі павінна адбывацца з улікам цалкам вызначаных прыярытэтаў, адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Першае - інтэграцыя з вядучымі сусветнымі кампаніямі. Другое - развіццё прыватнага і прыватна-дзяржаўнага сектара. Трэцяе - строгае патрабаванне з кіраўнікоў. Чацвёртае - дзяржпадтрымка праектаў. Пятае - заахвочванне дырэктарскага корпуса рэгіянальных і рэспубліканскіх кіраўнікоў, якія актыўна ўдзельнічаюць у пытаннях мадэрнізацыі.
Без інвестыцый і інавацый мадэрнізацыя проста немагчыма, падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Кіраўнікам усіх узроўняў трэба асаблівую ўвагу ўдзяліць інавацыйным праектам, якія накіраваны на новую якасць росту, новую эканоміку, і пад якія кіраўнік дзяржавы выдзеліў больш за Br3 трлн. праз інавацыйныя фонды, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. "Усё гэта своеасаблівы тэст для міністраў і кіраўнікоў канцэрнаў на прафесійную прыгоднасць. Ці здольныя кіраўнікі галін і рэгіёнаў прапанаваць і рэалізаваць амбіцыйныя праекты, менавіта праекты будучага", - адзначыў прэм'ер-міністр. Гэта пытанне будзе разгледжана ўрадам асобна.

"Вельмі дрэнна міністры, кіраўнікі абласцей і горада Мінска працуюць над прыцягненнем выгадных крэдытных рэсурсаў", - выказаў незадаволенасць Міхаіл Мясніковіч.

Прэм'ер-міністр даручыў зрабіць рэвізію кітайскіх крэдытных ліній. Сёння фактычна свабодныя $12 млрд. крэдытных рэсурсаў, якія прадастаўляюцца па розных напрамках Кітайскай народнай рэспублікай. У той жа час эфектыўных праектаў вельмі мала, звярнуў ён увагу. Нацыянальны банк зняў усе абмежаванні на крэдытаванне юрыдычных асоб у валюце пад мадэрнізацыю, рэкамендаваная маржа для банкаў - да 3 працэнтных пунктаў. Доўгая валютная пазіцыя банкаў краіны, гэта значыць перавышэнне валютных патрабаванняў над абавязацельствамі, - амаль Br2,5 трлн., $285 млн.

"Гэта значыць грошы ёсць - няма праектаў. Калі больш дакладна, то і праекты ёсць, але кіраўнікі не хочуць удзельнічаць у інвестыцыйным працэсе.

Чаму? Не хочуць рызыкаваць, браць на сябе адказнасць", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Будуць зроблены сур'ёзныя вывады, падкрэсліў прэм'ер-міністр.-
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?