Некалькі яскравых прэзентацый на ХХ кніжным кірмашы зладзіла выдавецтва «Рэгістр». Яно выдала, напрыклад, кнігу прозы Якуба Брайцава (1861—1931), рускамоўнага гомельскага пісьменніка. Яго твор «Сярод балотаў і лясоў» напісаны ў 1916-м, назвалі «першым беларускім раманам».

Брайцава ў свой час хвалілі акадэмік Карскі і Леў Талстой, але творчае жыццё не склалася. Ён дажываў на Гомельшчыне, працуючы «адвакатам для бедных». Герой яго рамана — беларускі Робін Гуд Аляксандр Савіцкі. Гэта рэальная асоба, бунтаўнік-адзіночка, які ў пачатку стагоддзя хаваўся ў магілёўскіх лясах, рабаваў маёнткі, раздаючы здабытае сялянам. Ён загінуў у 22-гадовым веку ў Красным на Гомельшчыне.

Раман, хоць і па-руску, але «вельмі беларускі па духу», — адзначыла дырэктарка Архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, укладальніца кнігі.

Твор Брайцава каштаваў болей за 90 тысяч рублёў, таму яго мала куплялі, у адрозненне ад жаночага рамана «Пацалунак бусла» моднай аўтаркі Тамары Лісіцкай. Дзеля прэзентацыі твора, што прысвечаны тэме мацярынскага шчасця, стэнд «Рэгістра» аформілі пад радзільню. Аўтарка расказвала, як здорава мець дзяцей і якіх розных людзей можна сустрэць у радзільні. Творы Лісіцкай спрэс складаюцца з дыялогаў і найлепш успрымаюцца ў фармаце аўдыёкнігі.

Што да кнігі Брайцава, то можна толькі пахваліць выдавецтва за пераадкрыццё падзабытага аўтара. Вось толькі ці варта называць твор Брайцава «першым беларускім раманам»?

«Калі казаць пра творы, напісаныя не па-беларуску, дык тады першымі раманамі трэба лічыць «Авантуры майго жыцця» Саламеі Пільштыновай (да 1761), «Успаміны Сапліцы» Жавускага (1830), «Пан Падстоліч» Масальскага (1831—1833), «Успаміны квестара» Ігната Ходзькі (1850) ці «Над Нёманам» Ажэшкі (1887)», — адзначае перакладчык Лявон Баршчэўскі.

З беларускамоўных раманаў, кажа гісторык Анатоль Сідарэвіч, на першынство прэтэндуюць некалькі: «Золата» Ядвігіна Ш. — твор самы ранні па часе, але незавершаны. Першым завершаным у савецкім літаратуразнаўстве лічылі «Сокі цаліны» Цішкі Гартнага.

Але цалкам раман быў апублікаваны толькі ў 1932. Да публікацыі поўнага тэксту як аўтар раманаў паспеў выступіць Кузьма Чорны. Працяглы час першым яго раманам лічылі «Зямлю» (1928), бо да 1973 быў забаронены раман «Сястра», апублікаваны ў 1927—1928 у часопісе «Узвышша». Цяпер пальму першынства ў Чорнага і Гартнага можа перахапіць Максім Гарэцкі, бо яго знакамітыя «Дзве душы» першым беларускім раманам назваў у рэцэнзіі на першавыданне Антон Луцкевіч. Праўда, у рэцэнзіі Луцкевіча твор названы повесцю, але слова «повесць» у яго ёсць калькай польскага powieść, што перакладаецца як «раман».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?