А Хрушчоў меў рацыю па форме. А Оруэл меў рацыю па сутнасці.

Хрушчоў хацеў назваць людзей, якія яму не падабаліся, підарасамі — так і сказаў. З аднаго боку, і малайчына, бо паліткарэктнасць забівае нават ненароджаную думку.

А Оруэл сказаў, што свабода — гэта права сцвярджаць, што двойчы два — чатыры.
Малайчына таксама. З якога боку ні паглядзі.

Тая заваруха, якая адбылася паміж Будзімірам і Анлайнерам — гэта на самой справе не заваруха паміж Будзімірамі і Анлайнерамі, і менавіта Анлайнер зразумеў гэта самы першы ў момант абагульнення спадара Галко ў катэгорыю зборнага змагара. Гэта заваруха паміж людзьмі, для якіх двойчы два — чатыры, і тымі, каму трэба падумаць, колькі ў нас сёння двойчы два.

Такім чынам, сёння ў нас урок перачытання Оруэла. А канкрэтна — рамана «1984».

Пачну здалёк.

16 сакавіка мінулага года нам паведамілі, што смяротны прысуд у дачыненні да Кавалёва і Канавалава выкананы.
Падсудных расстралялі, і механізм дзялення грамадства з хуткасцю, якой пазайздросціла бы любая клетка, быў запушчаны.

Спачатку увесь спектар рэакцый быў прагназаваны: нехта верыў у доказы пракурора і пакаранне ўхваляў, нехта верыў, але не ўхваляў, астатнія, адпаведна, не верылі і не ўхвалялі. Так заўсёды было, так заўсёды будзе ў любы час у любой краіне, і адрозненне мы знойдзем хіба ў адсоткавых суадносінах гэтых груп. Але ўнікальнасць нашай сітуацыі была ў з’яўленні чацвёртай катэгорыі таварышаў. Пра яе — падрабязна-падрабязна, бо яна шмат у чым сведчыць, што Дарвін не памыляўся, хаця не ўпэўнены, што ён бы надта радаваўся з гэтай нагоды.

Чацвертая група, у асобе Юрыя Зісера плюс нейкага яшчэ зісерападобнага медыямагната з абарыгенаў і пэўная колькасць іх сацыяльных фрэндоў, сфармулявала наступны тэзіс, чым азадачыла мяне недзе на паўгода: вінаватыя ў смяротным прысудзе апазіцыянеры (гл. змагары), якія зрабілі з гэтай бытавой справы палітычную і не пакінулі ўладзе іншага выйсця, як праявіць жорсткасць і давесці сваю святую справу да канца.

Ад «моцы» іх думкі ў маёй галаве спачатку ездзілі бранетранспарцёры, білі барабаны і адбываўся нейкі землятрус. У выглядзе першай рэакцыі ўзнікалі ўрыўкі бязадрасных пытанняў тыпу: цяпер людзям кшталту мяне трэба адчуваць сваю віну і за гэты расстрэл? Цяпер пэўная катэгорыя грамадства будзе пазбаўлена права голасу не толькі фактычна, але і з пункту гледжання мясцовай маралі? Ці: на што канкрэтна цяпер я не маю права, каб па маёй віне імя мяне не забілі яшчэ каго-небудзь?

Я тады напісаў вершык, які быў апублікаваны на «Нашай Ніве». Асобны кавалак з яго прывяду:

Страх у працэсе росту цягнецца да таго, хто яго сеяў.
Два словы для ўласнікаў парталаў і газет. Наўпрост
Ваш раб унутры, бясспрэчна, перажыў бы і сто маісеяў.
Бо гэты раб пяцігодкамі вымярае свой узрост.

Псіхалогія раба — такая штука.
Не так істотна, каго баяцца Ра ці Лу.
Сабаку цяжка жыць, усведамляючы, што ён — сука
І адзінае выйсце яго — кусаць, спадзеючыся на пахвалу.

Чаму і з якой нагоды пэўная катэгорыя людзей, якую цяжка падазраваць у шызафрэніі, радасна дэкларуе, што двойчы два можа быць не чатыры? Вернемся да Оруэла.

Герой рамана «1984», Уінстан, жыве ў таталітарнай Акіяніі праз год пасля майго нараджэння, працуе ў Міністэрстве Праўды і ненавідзіць рэжым, які ўвасабляецца ў лозунгах тыпу «вайна — гэта мір, свабода — гэта рабства, няведанне — сіла».

Унутраны ягоны маналог: «Урэшце партыя абвесціць, што двойчы два — пяць і прыйдзецца ў гэта верыць… да гэтага непазбежна вядзе логіка ўлады… Калі і мінулае і знешні свет існуюць толькі ў свядомасці, а свядомасцю можна кіраваць — тады што?

Партыя загадвала табе не верыць сваім вачам і вушам. І гэта яе канчатковы, самы важны загад».

Уінстан напісаў: «Свабода — гэта магчымасць сцвярджаць, што двойчы два — чатыры. Калі дазволена гэта — адтуль усё вынікае».

Кніга, скажам шчыра, сканчаецца фігова. І не проста фігова. А так, як у нас.

Калі Уінстан трапляе ў рукі «кампетэнтных органаў», якія называліся «Міністэрства любові» яго кат доўгі час, дзень за днём, месяц за месяцам мардуе вязня і правярае вынікі сваёй дзейнасці, проста паказваючы таму чатыры пальцы і пытаючы, ці бачыць ён нарэшце пяць.

«О’Браян паказаў яму левую руку, схаваўшы вялікі палец.

— Пяць пальцаў. Вы бачыце паць пальцаў?

— Так.

І ён іх бачыў, адно мімалётнае імгненне да таго, як у галаве ў яго усё стала на свае месцы…

Але быў такі перыяд… светлай акрэсленасці, калі кожнае новае слова О’Браяна запаўняла пустэчу ў галаве і станавілася ісцінай, калі двойчы два так жа лёгка маглі стаць трыма, як і пяццю, калі патрабавалася».

Пры канцы кнігі перароджаны Уінстан сядзіць у бары і плача ад радасці, чуючы навіны пра перамогу Акіяніі: «…Але ўсё добра, цяпер усё добра, барацьба скончылася. Ён дабіўся перамогі над сабой. Ён любіў Старэйшага Брата».

Якім падзеям мы сталі сведкамі у 2012? Мы сталі сведкамі того, як некаторыя людзі перамаглі і пераканалі, што двойчы два — пяць.
Засталося толькі адказаць на пытанне — як і навошта.

Чалавек як вядома — істота прагматычная. Чалавек мае інтэлект і з яго дапамогай плануе сваю дзейнасць, прычым адны людзі надаюць гэтаму значэнне, другія не надаюць. Адны, дапусцім, любяць Лукашэнку сэрцам, другія яго сэрцам ненавідзяць.

Калі чалавек інтэлектуальнага кшталту прыходзіць да нескладанай высновы, што Лукашэнка асацыяваны ў яго свядомасці з несправядлівасцю, ён мусіць нешта з гэтай высновай рабіць.
Адзін чалавек, дапусцім, можа сядзець і страчыць артыкул з хуліганскай назвай, другі — несці дакументы ў гарвыканкам. Трэці проста будзе захоўваць унутры сябе гэтую выснову, каб падзяліцца ёю з тым, хто пакуль да гэтых думак не прыйшоў. Але сама сабою выснова, нарадзіўшыся ў тваёй асобна ўзятай галаве, прымушае перажываць і жыць з пачуццем несправядлівасці, якое камфортна існуе вакол, і ўласнае маўчанне табой жа так ці інакш будзе успрымацца як пазіцыя згоды. Гэта стварае ўнутраны дыскамфорт, які многія не ўмеюць пераносіць,
бо вынікам самааналізу стануць два кароткія словы: «Я сцыкло».
Не баязлівец, не памяркоўны і талярантны, а сцыкло. Гэты страшны прысуд усім вядомы з дзіцячых гадоў. І жыць з такой высновай яшчэ цяжэй. Гэтыя словы і ёсць оруэлаўскі кат, які прымушае чалавека скіроўваць свае сілы на тое, каб даказаць сабе, што уласная сцыклівасць — гэта не сцыклівасць, а прагматычны выбар таго боку, за якім праўда. Застанецца проста пераканаць сябе, што праўда на тым баку, дзе сіла.
У галаве тады нараджаецца выратавальная думка, што, спачатку «груба кажучы» і «з пэўнымі дапушчэннямі», пасля — «па вялікім рахунку» і, нарэшце, «безумоўна» Кавалёва і Канавалава расстралялі змагары. Эканоміка наша дасягнула дна і зарылася ў грунт па віне змагароў, а калі да ўлады прыйдуць змагары, ды яшчэ ў «Беларусіі», яны на раз-два зваяюць маленькі Бухенвальд.

У заключнай фазе ўнутраная метамарфоза гэтых людзей, якія ўчора жылі па законах сухой логікі, набудзе ўсе фармальныя прыкметы сапраўднай карціны свету.

Так тэзіс «я сцыкло» замяняецца на выратавальнае «я за праўду». А гэта, як можа быць сказала бы спадарыня Каткавец, «вывіх в этай связі».

Так з’яўляюцца абвінавачанні апазіцыі ў сваіх уласных страхах. Так з’яўляюцца: «Желаю змагарам никогда не придти к власти в Белоруссии» з асаблівым прагінам у вобласці Баларусіі, што завяршае ментальнае зрастанне аўтара з формулай 2×2=3/5.

Свет для такіх людзей становіцца раптоўна простым, твар у тэлевізары — блізкім і родным. Мянты з дубінкамі — сябрамі, і той факт, што яны (здаровыя пацаны з дубінкамі) з табой па адзін бок, а вы разам — за праўду — прымушае камяк пяшчоты у горле падняцца ажно да гландаў. Такое шчасце ўжо не выпусціць іх са сваёй кастлявай жменькі. «Пачуцце ўласнай годнасці сапраўднага грамадзяніна і рупара ўласнага сумлення — гэта найвялікшая каштоўнасць», — скажа вам любы чалавек, які прайшоў самаметамарфозу. І скажа гэта шчыра.

Арганізмы, якія прапусцілі сябе праз персанальную машынку экспрэс-самаўдасканалення нясуць у сабе Міністэрства Праўды і Міністэрства Любові, і аналізаваць іхны унутраны свет глыбей — негігіенічна. Але, на шчасце, адзін маленькі чалавечак у маскоўскім Манежы даўным-даўно незаслужана абразіў свабодных людзей, назваўшы іх підарасамі.

Сёння з некаторай упэўненасцю можна сцвярджаць, што, у адрозненне ад раманаў, гісторыя ўсё-такі расстаўляе па сваіх месцах — і з яе вышыні добра відна, хто чалавечак і хто підарас. Не блытаючы з гамасексуалізмам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?