Гэты постынг навеяны дыскусіяй вакол меркаваньня Эніры Браніцкай. Яе асабліва "цёплае" стаўленьне да былога шэфа КГБ цалкам зразумелае. Аднак гаворка пра іншае — прынцыпы дзейнасьці мэдыяў.

У вайну савецкія газэты малявалі немцаў з рагамі. Потым фільм са Шцірліцам меў сэнсацыйны посьпех яшчэ і таму, што народ убачыў псыхалягічныя партрэты слугаў гітлераўскага рэжыму. І разумнейшыя гледачы ўразіліся, наколькі падобныя лёзунгі, норавы апарату, матывы дзеяньняў у трэцім райху і пры камуністычным ладзе. Ня чэрці рагатыя, а жывыя людзі прыдумляюць бесчалавечную сыстэму (у тым ліку, рана ці позна, і на сваю галаву)!

Публікацыі карэспандэнтаў "Народнай волі" пасьля наведваньня вёскі Здудзічы (акрамя інтэрвію з былым шэфам спэцслужбы, я маю на ўвазе яшчэ і замалёўку пра бацькоў Рыгора Кісяля), а таксама наступны камэнтар у "НН" высьвечваюць важную акалічнасьць. А менавіта: і Сухарэнка, і Кісель (зь якім я вучыўся на журфаку БДУ і быў у нармалёвых стасунках), як і сам Лукашэнка — гэта не дэманічны дэсант іншаплянэтнікаў. Тутэйшыя, з простых сем'яў. Згадайце: электарат дружна галасаваў за Лукашэнку (а шмат хто гатовы за яго перагрызьці горла і цяпер!) на глебе элемэнтарнай высновы: ён жа зусім такі, як мы!

Удумлівай публіцы гэта дае штуршок да роздуму аб парадоксах і заканамернасьцях нашай найноўшай гісторыі, стане грамадзтва, шляхах пераадоленьня анамаліяў. Калі адмовіцца ад дэманізацыі, адразу ўзьнікае процьма складаных пытаньняў! Ну а ў кагосьці — толькі адно пытаньне: чаму гэта прадстаўнікоў "злачыннага рэжыму" намалявалі бяз рог?

Увогуле спрачацца на гэту тэму нават сумна. Усё даўно сказана. Утылітарысцкі, вульгарна-палітызаваны падыход да мэдыяў сто гадоў таму выклаў дзядуля Ленін. Некаторыя сёньняшнія дыскутанты нават не падазраюць, што проста капіююць яго:) Праца "Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура" (пад літаратурай тут маецца на ўвазе менавіта журналістыка): "Далоў літаратараў беспартыйных! Далоў літаратараў звышчалавекаў! Літаратурная справа мусіць стаць часткай агульнапралетарскай справы, "колцам ды шрубкай" аднаго-адзінага, вялікага сацыял-дэмакратычнага мэханізму, што прыводзіцца ў рух усім сьвядомым авангардам усяе працоўнай клясы".

Ну чым не маніфэст сёньняшняга "сьвядомага авангарду"? :)

А цяпер некалі тэзаў, выкладаных тэарэтыкамі мэдыйнай сфэры (ахвотныя могуць знайсьці гару адпаведнай літаратуры).

Канешне, рафінаваная аб'ектыўнасьць ёсьць мітам. Выданьне ня мусіць быць сьметнікам. Пэўны кірунак — гэта нармалёва. Плюралізм складаецца з гамы мэдыяў, а не зь вінэгрэту ў асобнай газэце. І разам з тым — гэта выразна паказвае досьвед разьвітых дэмакратыяў — папулярнымі, аўтарытэтнымі становяцца тыя выданьні, якія, хай сабе маючы пэўнае палітычнае адценьне, імкнуцца да шырокага асьвятленьня і ўзважанага камэнтаваньня падзеяў, а ня ставяць вышэй за ўсё накіданьне пэўнай ідэялёгіі. Іначай чакае маргінэс (прыкладам ёсьць лёс лявацкіх выданьняў на Захадзе). Так, у Францыі шырока разыходзяцца памяркоўна-кансэрватыўная "Монд", умерана-лібэральная "Лібэрасьён", стрымана-каталіцкая "Круа". І разам з тым ціха памірае са сваім непазбыўным чырвоным кляймом "Юманітэ".

Зайдзеце на сайты некаторых партыяў ці асобных палітычных пасіянараў — і адчуйце розьніцу паміж прапагандай (ці, скажам болей карэктна, партыйным піярам) ды прафэсійнай журналістыкай.

Дыскусіі аб прынцыпах альтэрнатыўнага мэдыйнага ўзьдзеяньня на беларусаў вядуцца даўно. Змагаюцца — я, канешне, спрашчаю — "рэвалюцыйны" і "адукацыйны" ("культурніцкі") падыходы. І часта голас прафэсіяналаў заглушаецца палымянымі тэзамі змагароў. Калі пачынаюць камандаваць прэсай, нічога добрага не атрымліваецца. Прымітыўная палітычная ангажаванасьць ёсьць пасткай. Праца мэдыяў мусіць будавацца не паводле апазыцыйных стратэгіяў, а паводле мэдыйных законаў. Дайце веры прафэсіяналам!

Канешне, у разгар палітычнай крызы мэдыі-улёткі здольныя адыграць важную мабілізацыйную ролю. Але ў звычайным жыцьці "баявыя лісткі" чытаць нецікава.

P.S. Для мяне адзін з крытэраў "мэдыйнай нармалёвасьці" — гумар. Калі яго на сайце (у выданьні) няма, калі здаровая іронія (цудоўны сродак ад перагінаў!) ўспрымаецца як зьдзек над сьвятым — гэта цяжкі выпадак. Як казаў адзін кінагерой, усе найвялікшыя глупствы на сьвеце робяцца з самым сур'ёзным выразам твару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?