Віктар Мартынаў нарадзіўся ў Адэсе. Пехацінцам прайшоў франты Другой сусветнай. У Мінск ён трапіў у 1960, пасля навучання і выкладання ў Адэскім і Львоўскім універсітэтах.
У беларускай Акадэміі навук Мартынаў змяніў свае цікавасці: быў літаратуразнаўцам, даследаваў польскую паэзію, а тут заняўся лінгвістыкай — славістыкай і індаеўрапеістыкай.
Адна з самых важных высноваў Мартынава «беларускага перыяду» — гэта тое, што праславянская мова сфармавалася на базе заходнебалцкага моўнага арэала з наслаеннем на яго італійскага элемента, блізкага да лаціны.
Канцэпцыя, якая выводзіць праславянаў з заходнебалцкага маргінэзу, была крытычна сустрэтая часткай навуковай грамадскасці. Але
спецыфічныя адносіны балтыйскіх і славянскіх моваў, і ў першую чаргу беларускай мовы, заўсёды заставаліся ў коле інтарэсаў Мартынава, у тым ліку пры рабоце над «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы». Гэты слоўнік — унікальны праект, які пачаў ажыццяўляцца пад кіраўніцтвам Мартынава.
Першы том выйшаў у 1978, сёння мы маем 13-ы том, і выданне працягваецца. Яшчэ ў праспекце да першага тома Віктар Мартынаў катэгарычна не прымаў афіцыйна прапагандаваны тэзіс пра адзіную калыску ўсіх усходнеславянскіх моваў і народаў. Таксама Мартынаў браў удзел у т.зв. Палескіх экспедыцыях. Зыходзячы са сваёй канцэпцыі прарадзімы славян, В. Мартынаў лічыў Палессе, дакладней, Заходняе Палессе, тэрыторыяй першай славянскай міграцыі на ўсход.
У 1960-я ў даследчыка з’явілася яшчэ адна сфера зацікаўленняў — лінгвістычныя аспекты штучнага інтэлекту. Любая мова чалавецтва настолькі разнастайная і багатая, што амаль кожнае выказванне хавае ў сабе няпэўнасць, неканкрэтнасць.
А ў кантактах з машынай гэта стварае праблемы паразумення. Віктар Мартынаў і спрабаваў зняць гэтую няпэўнасць, вылучыўшы ў словах «кванты» семантычнай (сэнсавай) інфармацыі ды правілы іх спалучэння. Праз такую фармалізацыю мовы Мартынавым быў створаны УСК — Універсальны Семантычны Код. У 1970-я гэта было адно з самых выразных дасягненняў беларускіх лінгвістыкі і інфарматыкі.
Да сваіх апошніх дзён Віктар Мартынаў не пакідаў заняткаў навукай. Як гуманіст ён спрыяў паразуменню паміж людзьмі і шмат чаго зрабіў для пашырэння ведаў пра беларускую навуку і Беларусь у свеце.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?