Дзёрзкі разбойны напад, учынены ў пачатку гэтага года, раскрыты аператыўнікамі крымінальнага вышуку апарату ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама пры падтрымцы калегаў з Мастоўскага райаддзела міліцыі, паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС.

У дом да пенсіянераў 1930 года нараджэння ў вёсцы Масты Правыя 3 студзеня ўварваліся трое невядомых у масках.
Моцна збіўшы гаспадара (мужчына апынуўся ў бальніцы са страсеннем мазгоў), злачынцы ўкралі пяць з паловай мільёнаў рублёў, пасля чаго ўцяклі на аўтамабілі «ВАЗ».
Марку транспартнага сродку, які стаяў недалёка ад дома, дзе адбылося злачынства, у міліцыю паведаміў відавочца.
Былі вылучаны розныя версіі наконт таго, хто мог яго ўчыніць. Адна з іх прадугледжвала ўдзел у злачынстве асоб цыганскай нацыянальнасці. Падчас ажыццяўлення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў пад падазрэнне трапілі трое жыхароў Жыткавічаў (Гомельская вобласць). У мінулым усе яны былі судзімыя, прычым адзін з іх у 2002 годзе быў асуджаны за ўчыненне аналагічнага злачынства.

Як стала вядома, гэтыя людзі са жніўня мінулага года час ад часу наведвалі дом пацярпелых, дзе прапаноўвалі да рэалізацыі розныя рэчы.

У апошні з прыездаў, калі гаспадар купляў коўдру, адзін з іх заўважыў, дзе ляжаць грошы, таму падчас разбою падазроныя ведалі, дзе іх шукаць.

Цяпер двое са злачынцаў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Яшчэ адзін знаходзіцца ў вышуку.

У іх жыллі праведзены вобыскі, дзе знойдзены абутак, сляды якога супадаюць з тымі, што былі пакінуты на месцы ўчыненага злачынства.

Распачата справа паводле ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса (разбой).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?