Выстава "Сябры майго далёкага юнацтва", прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага і яго жонкі Леанілы Чарняўскай, адчынілася сёння ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

У экспазіцыі каля 30 прадметаў - гэта выданні твораў, сямейныя фота з дарчымі надпісамі, хрэстаматыі беларускай літаратуры, расейска-беларускі слоўнік, які Максім Гарэцкі ствараў разам з братам Гаўрылам.

Назву выставы арганізатарам падказалі радкі з ліста Якуба Коласа Гаўрылу Гарэцкаму і яго жонцы Ларысе. "Ён менавіта так і звяртаўся да іх. Праўда, потым сам сябе паправіў, маўляў, сябры не юнацтва, а сталасці. Пра юныя гады можна даведацца з яго кнігі "На ростанях", якую ён ім даслаў з дарчым подпісам", - распавяла галоўны захавальнік фондаў музея, праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.

Асаблівае месца нададзена спецыяльнай інсталяцыі, дзе прадстаўлены яшчэ адзін ліст беларускага песняра сваім сябрам. "Якуб Колас піша Гарэцкім пра тое, што вельмі моцна хварэе на грып і не можа спусціцца па лесвіцы на першы паверх - лекары забараняюць. Ён абяцае даслаць кнігу "Рыбакова хата" адразу, як толькі яна выйдзе ў друк. Сваё абяцанне паэт стрымаў", - працягнула спецыяліст.

Экспазіцыя служыць наглядным пацвярджэннем цёплых сяброўскіх адносінаў паміж сем'ямі Коласа і Гарэцкіх. "Такімі яны застаюцца і па сённяшні дзень", -- падсумавала Васіліна Міцкевіч.

Праца выставы працягнецца да канца лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?