Падарожжа — бадай, найстаражытнейшае хобі, якое не страціла папулярнасці да сёння. Натоўпы маладых людзей вандруюць па свеце, здымаюць на свае прылады цікавыя мясціны, выкладаюць фота ў Instagram або іншыя сацыяльныя сеткі. Каб зноў вярнуцца ў горад, які прыйшоўся даспадобы, кідаюць у фантан (раку, мора, акіян) «дробязь», якая засталася ў кішэнях пасля ўсіх прыгод.

Штогод краіны старой Еўропы такім чынам атрымліваюць мільёны еўра. Напрыклад, толькі «кароль рымскіх фантанаў» — Трэві — кожны дзень зарабляе каля 2000 ад турыстаў. У мінулым годзе ён нават «сам сабе» аплаціў рэстаўрацыйныя работы. На жаль, нашыя фантаны, нават разам узятыя, не назбіраюць і 1000 еўра за год. Чаму так?

Мабыць таму, што:

— у Мінску няма аніякіх знакавых месцаў кшталту таго ж Трэві;

— грошы ў нас выключна папяровыя, і «кідаць» іх кудысьці не так лёгка і далёка не эстэтычна;

— турыстаў у нас — «з жабіны прыгаршчы» (асабліва тых, што прыехалі сюды хадзіць прыгожымі вуліцамі, а не па ўстановах кшталту казіно);

— да нас ніхто не хоча вяртацца (прынамсі, мне так здаецца).

Усё ж такі і ў Мінску ёсць месцы, дзе калі-нікалі турысты пакідаюць «купюры з выявамі беларускіх будынкаў»:

— манумент, што месціцца ў падземным пераходзе на Плошчы Перамогі,

— фантан каля Опернага тэатра,

— фантан «Хлопчык з лебедзем» у Аляксандраўскім скверы,

— каля анёла на Востраве слёз.

Існуюць і іншыя метады шчаслівага развітання з Мінскам.

Некаторыя турысты набываюць у метро жэтоны, якія потым выкарыстоўваюцца замест манет: іх кідаюць з моста ў Свіслач, загадваючы жаданне яшчэ раз наведаць сталіцу «сінявокай».

Хтосьці падыходзіць да гэтага яшчэ крэатыўней: ператварае «мінусы» ў «плюсы» і робіць з папяровых грошай маленечкія самалёцікі, якія потым ляцяць ва ўсю тую ж шматпакутную Свіслач.

Каб вярнуцца ў Мінск, неабавязкова кідаць грошы ў фантаны ці рабіць з іх лятучыя прылады. Тут, як кажуць, кожны сам сабе пан. Галоўнае жаданне. Але часам так хочацца верыць, што існуе нешта, што дапаможа спраўдзіцца любому жаданню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?