Хто не быў у Мосары некалькi месяцаў, будзе ўражаны тым, колькi новага з’явiлася ў мястэчку дзякуючы намаганням парафiян i пастара — ксяндза‑пралата Юзаф Булькi. Напрыканцы мiнулага тыдня, у прастольнае свята Святой Ганны, адбылося асвячэнне новых фiгур Прасвятой Дзевы Марыi i апостала Iаана ля Труны Гасподняй на Кальварыі. Зусiм нядаўна тут не было нi Труны, нi Крыжовай дарогi, уздоўж якой асобныя людзi i цэлыя вёскi ставяць Крыжы‑прашэннi. Ды i сама Кальварыя бачная на пад’ездзе да Мосара (кажуць, за сто кiламетраў), з’явiлася яна тры гады таму, якраз у дзень 490‑годдзя асвячэння Мосарскага касцёла — 10 кастрычнiка. Але гэта яшчэ не ўсё.

Неяк, гадоў пяць таму, у Мосар прыехаў ксёндз Аляксандр Рагiня, студэнт дыпламатычнага факультэта Ватыканскага ўнiверсiтэта, i прапанаваў ксяндзу‑настаяцелю Юзаф Бульку паставiць Крыж на самым высокiм пагорку, што перад мястэчкам. Старажылы кажуць, што калiсьцi там стаяў авiямаяк. Ксёндз Юзаф задумаўся: Крыж — справа добрая, але як яго паставiць, з чаго зрабiць, ды i зямля належыць сельскаму вытворчаму кааператыву. На той час у Мосары ўжо шмат чаго было: прыгожая дарога да святой крынiцы, паркавы ансамбль, сажалкi, фантаны, каплiчкi... Але кожны раз, як ксёндз‑пралат выходзiў з плябанii i глядзеў на пагорак, ён уяўляў Крыж. Айцец Юзаф — чалавек, якi не толькi ведае, чаго хоча, але i робiць тое, што можа. Так ён са звычайнай беларускай вёскi зрабiў славутасць, цiкавы турыстычны аб’ект i духоўны цэнтр. Ён здолеў не толькi пераўтварыць наваколле, зрабiўшы яго непаўторным, але пакрысе павярнуў i душы людзей, навучыў iх любiць i памнажаць прыгажосць вакол сябе i ўнутры.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

Iдэя з Крыжом была ўвасобленая гэтаксама, як усё астатняе. Спачатку айцец Булька пайшоў да старшынi сельскага кааператыва, потым да старшынi райвыканкама. Атрымаўшы згоду мясцовых уладаў, ён стаў думаць, з якога матэрыялу зрабiць Крыж. Дапамога прыйшла з боку... электрычных сетак. Яны аддалi бракаваную бетонную мачту, а перакладзiну — рэйку — ксёндз‑пралат папрасiў у настаяцеля Шаркаўшчынскага касцёла. Усё астатняе — машына, зварка, чатыры вялiзныя краны, камянi, а потым — пячора‑труна, скульптуры, крыжовая дарога, арка — намаганнi людзей, якiя падхапiлi задуму святара.

Асвячаць новыя скульптуры на Галгофе прыязджаў у мiнулую пятнiцу выхаванец айца Юзафа пробашч Мiнскага архікатэдральнага касцёла, дэкан Антонi Клемантовiч. У мосарскага настаяцеля, дарэчы, 11 вучняў сталi ксяндзамi. Пасля Iмшы вернiкi накiравалiся Крыжовым шляхам да Труны, потым адбыўся чын асвячэння, ксёндз‑пралат звярнуўся да парафiян з прамоваю, i завяршылася свята духоўнымi спевамi. Крыж, якi ўражвае сваiмi памерамi за шмат кiламетраў да Мосара, тут, ля падножжа, утвараў яшчэ больш дзiўны эфект. Дзецi i дарослыя задзiралi галовы i не маглi адвесцi вачэй: вецер хутка гнаў па небу лiпеньскiя аблокi, i на iх фоне здавалася, што рухаюцца не аблокi, а Крыж — рухаецца насустрач табе.

У блiжэйшым будучым на мосарскай Галгофе з’явiцца выява Уваскрослага Хрыста. А ля касцёла падрыхтаваны фундамент для скульптуры Маiсея i разбiты дзве новыя вялiкiя алеi: алея Божых Запаветаў i алея Цвярозасцi. Апошнюю 10 кастрычнiка будуць засаджваць туямi людзi, якiя змагаюцца з уласнай алкагольнай залежнасцю. У планах мосарскага настаяцеля яшчэ адна алея — Дванаццацi апосталаў, якая звяжа касцёл з могiлкамi. Сярод новых славутасцяў Мосара таксама Ноеў каўчэг на могiлках — напамiн пра Божае пакаранне за чалавечыя грахi. «Каб людзi задумвалiся i папраўлялi сваё жыццё, — кажа ксёндз‑пралат, — адмаўлялiся ад п’янства, лайдацтва, падману, захоўвалi сямейную вернасць».

Тут жа, ля касцёла, другi год ладзiцца палатачны лагер «Канiкулы з Богам» для дзяцей шаркаўшчынскiх парафiян. Два дзесяткi дзяцей розных узростаў i розных веравызнанняў даглядаюць тры выхавацелi i ксёндз‑настаяцель Кшыштаф Сiлкоўскi. У першы ж дзень дзецi патэлефанавалi сваiм бацькам i амаль што кожны з iх сказаў адну i тую ж фразу: «Мама, я трапiў у казку!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?