Кадр з новага рэкламнага відэа для Міністэрства абароны.
Міністэрства абароны загрузіла ў сеціва новае рэкламнае відэа, якое мае заахвоціць маладых людзей служыць у войску.
У рэкламным роліку малады чалавек відавочна «тушуецца» перад ваенкамам і на пытанне «Ну што, сынку, у армію хочаш?» няўпэўнена адказвае: «Не ведаю».
Тады ваенкам, бадзёра кінуўшы «Хадзем са мною. Нам падуладны ўсё стыхіі», адчыняе дзверы і паказвае ўсю магутнасць беларускага войска.
«Здымалі пяць дзён у верасні, за гэты час мы праехалі 2500 км па Беларусі», —кажа Аляксей Краеў, дырэктар кампаніі RGB Production, якая займалася вырабам рэкламы. Дарэчы, гэта ўжо не першае відэа для Мінабароны аўтарства RGB Production.
«Канцэпцыю сюжэта прыдумаў я, сцэнар пісалі разам з ваенным інфармацыйным агенствам «Ваяр», тэхнічную дапамогу падчас здымак аказала кампанія Wargaming», — адзначыў суразмоўца.
Бюджэт дастаткова маштабнага роліка — камерцыйная тайна. Але самае цікавае ў тым, што фінансаванне праекта ішло не з Міністэрства абароны РБ.
«Ніводнага бюджэтнага рубля патрачана не было, гэта я вам гарантую», — запэўніў Аляксей Краеў. Хто фінансаваў рэкламу — суразмоўца не паведаміў.
Ролік, у параўнанні з большасцю рэкламных прадуктаў дзяржаўных арганізацый і ведамстваў, выглядае надзвычай якасна.
Ваенкама ж сыграў акцёр Віктар Кушняроў, які не па чутках знаёмы са службай ва ўзброеных сілах.