Амерыканскія кінакампаніі Groundswell Productions і QED International здымуць мастацкі фільм пра юнацтва Бруса Лі. Фільм будзе назвацца «Нараджэнне дракона», тэрміны яго выхаду на экраны не ўдакладняюцца.

У аснову сюжэту пакладзены рэальны паядынак Бруса Лі з майстрам баявых мастацтваў Вонам Джэк Манам, які адбыўся ў сярэдзіне 1960-х у Сан-Францыска. Прычынай сутычкі паслужыла жаданне Лі навучаць баявым мастацтвам не толькі выхадцаў з Кітая, Вон быў супраць. Бой праходзіў без правілаў і арбітраў.

Афіцыйна лічыцца, што яго з пераканаўчай перавагай выйграў Брус Лі, хоць яго супернік сцвярджае адваротнае.

Пры гэтым аўтары фільма маюць намер выкарыстоўваць гэтую падзею толькі ў якасці адпраўнога пункту і зняць не столькі дакладную біяграфію Лі, колькі баявік з ім у якасці аднаго з галоўных герояў. Паводле задумы прадзюсараў, пасля бою Лі і Вон аб’яднаюцца для барацьбы з злачыннымі групоўкамі, якія кантралююць кітайскі квартал Сан-Францыска.

У фільме плануецца паказаць працэс ператварэння звычайнага чалавека ў зорку сусветнага маштабу.

Брус Лі сыграў у некалькіх дзясятках фільмаў, у ліку якіх «Вялікі бос», «Кулак лютасці» і «Шлях дракона». У 1973 году акцёр памёр у Ганконгу ва ўзросце 32 гадоў. На дадзены момант пра яго знята каля дзесяці фільмаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?