У Магілёўскім раёне п’яніцаў спрабуюць перавыхаваць талакой. Вельмі павольна, аднак справа пачала зварушвацца з мёртвай кропкі.

Судовыя выканаўцы, нарколагі, псіхолагі, прадстаўнікі пракуратуры і сацыяльных устаноў збіраюць у сельсаветах мясцовых выпівохаў і вядуць выхаваўчыя гутаркі. Іх пераконваюць кінуць рызыкоўны лад жыцця і звярнуць увагу на сваіх дзяцей, пакуль іх не адабралі.

Жанчына, якая ў кабінеце закрывае вочы сонечнымі акулярамі, п’яным голасам агрызаецца на спробы пабудзіць элементарныя мацярынскія, пачуцці. У яе трое дзяцей, мужа няма. Старэйшы жыве ў сваякоў, а хлопчык 10 гадоў і 5‑гадовая дзяўчынка з маці. Брудная хата, п’яны сужыцель. Яна спрабавала кінуць піць, але зноў сарвалася.

Яе сяброўцы 27 гадоў, сын і дачка ў дзіцячым доме. Іх маці няма дзе жыць, яна блукае па знаёмых і не можа ўладкавацца на працу. Ёй абяцалі дапамагчы з працай і інтэрнатам. Але заяўленае жаданне пачаць нармальнае жыццё, забраць дзяцей пакуль пад сумнівам: паводле ўласнага прызнання, кабета даўно не наведвала малых і нават не тэлефанавала ў дзіцячы дом, каб ацікавіцца імі.

На ўвесь Вейнянскі сельсавет усяго з дзесятак сем’яў, дзе бацькі п’юць. Аднак справіцца з імі неверагодна цяжка. Уладкоўваюць на працу — кідаюць яе праз тыдзень. Дасылаюць у ЛПП — вяртаюцца і пачынаюць піць нанова. Запрашаюць на сходы і заклікаюць да сумлення — пасля размовы ідуць у суседнюю краму адзначыць дзень прафілактыкі п’янства пляшкай таннага віна.

Менавіта з гэтай прычыны старшыня сельсавета прапануе пасылаць алкаголікаў у аддаленыя сельскія раёны, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, і выхоўваць іх працай у лагерах па вырошчванню рапса…

У адной з вёсак жыве жанчына, у якой васьмярых дзетак адабралі. Сялянка жыве за кошт дзяржаўнай дапамогі на дзявятае дзіцё — і то за палову, бо чатску пералічваюць на ўтрыманне іншых малых. Зараз яна цяжарная дзясятым.

Вельмі нярэдка такія гора‑мамашы ў судовых працэсах ад пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў заяўляюць: «Забірайце! Я сабе яшчэ нараджаю». А потым сацыяльным работнікам даводзіцца кантраляваць, каб выдаткаваныя грошы на новых дзяцей пайшлі на харчы і адзенне для малых, а не на гарэлку. Аднак часта гэта не ўдаецца — ад іх проста збягаюць.

Каб не жылі п’яніцы за кошт сваіх няшчасных дзяцей, на месцах просяць даваць льготы і грошы не ўсім, хто нараджае дзяцей, — а тым, хто хоча лепшага жыцця для сябе і сваіх малых. Жахаў з жыцця сельскіх п’яніцаў хапае. Судовыя выканаўцы, напрыклад, расказвалі: аднойчы ў хаце на свае вочы бачылі, як немаўляты‑блізняткі спалі ў шафе, закіданыя анучамі. У пакоі не было ні ацяплення, ні бялізны, таму ад марозаў ратавала толькі шафа.

І ўсё ж арганізатары прафілактычных гутарак лічаць, што нягледзячы ні на што, трэба «дзяўбсьці» — вынік абавязкова будзе. Ва ўсялякім разе за паўгады такой працы колькасць сацыяльна небяспечных сем’яў у Магілёўскім раёне паменшылася.

Сяргей Гутарэвіч, Бюлетэнь-Онлайн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0