Прапанова скараціць набор на эканамічныя і юрыдычныя спецыяльнасці прагучала ад намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка на нядаўнім паседжанні калегіі Мінадукацыі.

Мінадукацыі яшчэ некалькі гадоў таму заўважыла, што ў Беларусі не такі магутны эканамічны патэнцыял, каб даць працу ўсім эканамістам, таму ў 2013 годзе будзе скарочаны або закрыты прыём на гэтыя спецыяльнасці ў дзевятнаццаці навучальных установах. Не стане выключэннем і БарДУ — набору на спецыяльнасць «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» сёлета не будзе.

Дарэчы, на конкурс на гэтую спецыяльнасць у БарДУ некалькі гадоў падаў. Калі ў 2010 годзе на месца прэтэндавала 9,6 чалавек, то ў мінулым конкурс склаў 4,4 чалавека. А на ўмовах аплаты на «эканоміку і кіраванне» прыйшла толькі палова запланаваных абітурыентаў. Студэнтаў, якія ўжо вучацца на гэтай спецыяльнасці, змены не закрануць.

Акрамя таго, у БарДУ застануцца такія эканамічныя спецыяльнасці, як «маркетынг», «эканоміка і кіраванне турысцкай індустрыяй» і «эканоміка і арганізацыя на вытворчасці (машынабудаванне)».

У цэлым жа па Беларусі скарочана 18% бюджэтных месцаў на эканамічныя спецыяльнасці і 14% — на юрыдычныя. На думку Мінадукацыі, у лішку ў нашай краіне і педагогі — бюджэтных месцаў на гэтай спецыяльнасці стане на 300 менш, а на «паліталогію» прыём скарацілі ў два разы.

Усяго лічбы прыёму ў параўнанні з 2012 годам будуць скарочаныя на 1,7 тыс. бюджэтных месцаў, з іх на дзённай форме навучання — 0,8 тыс.

За кошт гэтага, як запэўніваюць у Мінадукацыі, сэканомленыя бюджэтныя сродкі атрымаецца накіраваць на «запатрабаваныя высокатэхналагічныя спецыяльнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?