Больш як 60% жыхароў Беларусі хвалюе праблема цэн на прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці,сведчаць даныя сацыялагічнага маніторынгу Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАНБ, доктар сацыялагічных навук, прафесар Ігар Катляроў 21 лютага на
Паводле яго слоў, менш за ўсё гэта праблема хвалюе моладзь, больш за ўсё — пенсіянераў. Праблема цэн застаецца самай актуальнай для жыхароў Беларусі шмат гадоў — з 1990 года, калі пачалі праводзіцца такія даследаванні. Напружанасць па гэтай праблеме дасягнула піка ў 2002 годзе, тады яна хвалявала 95% жыхароў Беларусі. У 2006 годзе сітуацыя стабілізавалася, і праблема цэн на прадукты харчавання хвалявала ўжо толькі палову насельніцтва краіны. У разгар крызісу, да восені 2011 года, праблема цэн на тавары першай неабходнасці хвалявала ўжо 71,5% жыхароў Беларусі. Летась гэта праблема хвалявала 61,1% беларусаў.
Згодна з праведзеным у 12 малых гарадах краіны ў пачатку 2013 года сацапытаннем, паведаміў Катляроў, кожная пятая сям’я траціць на прадукты харчавання ад 70% да 90% сямейнага бюджэту. У кожнай трэцяй сям’і расходы на прадукты харчавання складаюць ад 50% да 70% і толькі 5% сем’яў расходуюць на прадукты харчавання менш як 30% сямейнага бюджэту. «Гэта лічбы, якія, як правіла, існуюць ва ўсёй Еўропе», — сказаў Катляроў.
Паводле слоў дырэктара Інстытута сацыялогіі НАНБ, праблема цэн «уплывае на сацыяльнае самаадчуванне і на палітычную актыўнасць, і на магчымы ўдзел людзей у нейкіх сацыяльных акцыях».
Як адзначыў Катляроў, сацыёлагі таксама звярнулі ўвагу, што калі палітычная партыя перад выбарамі ўзніме праблему цэн, то яе рэйтынг расце, «хай і не значна».