Імя намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі цяпер непарыўна звязанае з беларускай лацінкай у метро.
Гэты чыноўнік заўпарціўся і патрабуе спыніць " транслітарацыю геаграфічных назваў, у тым ліку, напрыклад, станцый метро, з беларускай мовы. «Наша Ніва» сабрала пяць фактаў з ягонай біяграфіі.

Сібірак

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 у Новакузнецку. Гэта сібірскі горад непадалёку ад Казахстана і Манголіі.

Аднак адукацыю ён атрымаў ужо ў Мінску — у педінстытуце. Карпенка можа быць настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства і англійскай мовы. Ёсць у яго і другая адукацыя — у Акадэміі кіравання.

Пасля службы ў войску Карпенка адразу пачаў працаваць на ідэалагічных пасадах.

У педагагічным універсітэце ён прайшоў ад пасады сакратара камітэта камсамола да прарэктара па выхаваўчай працы.

Першы сакратар

У беларускіх чыноўнікаў не прынята знаходзіцца ў шэрагах палітычных партый.

А Карпенка не проста партыец, а яшчэ і сакратар (кіраўнік) Камуністычнай партыі Беларусі. Арганізацыю ён узначаліў летась.
«Несумненна, у аснове нашай праграмы ляжыць тэорыя марксізму-ленінізму… Гэта партыя, якая сёння прапагандуе ідэі грамадства сацыяльнай справядлівасці, на мой погляд, мы павінны заняць левы фланг палітычнай дзейнасці ў нас у Рэспубліцы Беларусь», — заявіў ён пасля абрання. Дарэчы, у палату прадстаўнікоў на леташніх выбарах прапусцілі траіх камуністаў.

Не цураецца Карпенка і «Белай Русі». Ён браў актыўны ўдзел у леташнім з’ездзе арганізацыі.

Былы дэпутат

Сам Карпенка быў дэпутатам парламента папярэдняга склікання. З цягам часу ён прабіўся ў старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД.

Карпенка ездзіў па Еўропе і абураўся дзеяннямі Захаду.

«Вобразна кажучы, я ўжо не школьнік, каб мне з ПАРЕ пагражалі пальцам, што мы нешта не так робім,
— заявіў ён падчас візіту ў Францыю. — У нас створана працоўная група, якая вывучае пытанне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Рэзалюцыя ПАРЕ толькі наносіць шкоду вырашэнню гэтага пытання. У нас ёсць пэўная грамадзянская і чалавечая годнасць, якая не дазваляе трываць настаўленне з боку».

Крытыкаваў Карпенка і «карту паляка», ініцыяваўшы яе разгляд у парламенце: «Такім чынам, грамадзянін Беларусі абавязаны ў сваіх дзеяннях кіравацца інтарэсамі іншай дзяржавы, а не сваёй краіны. Хіба гэта не ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы?

Хіба гэта не падрыў сітуацыі знутры?»

Кіраўнік выбарчай камісіі

Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Карпенка, які адкрыта заклікаў сваю партыю падтрымаць Лукашэнку, узначаліў Мінскую выбарчую камісію.
Ён асабіста прыходзіў на сустрэчы апазіцыйных кандыдатаў з выбарцамі і папярэджваў пра незаконнасць такіх акцый.
У выніку Мінская выбарчая камісія зафіксавала, што ў сталіцы за Лукашэнку прагаласавала больш за 67% чалавек.
Місія Карпенкі была паспяхова выкананая.

Віцэ-мэр

У 2011 Лукашэнка прызначыў Карпенку, тады яшчэ дэпутата, намеснікам старшыні Мінгарвыканкама.

З таго часу ў сферу ягонага ўплыву ўваходзяць пытанні ідэалогіі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму і сацыяльнай абароны.
Камуніст старанна ахоўвае афіцыйную ідэалогію.

«Мы хочам сёння сысці ад перайменавання вуліц, гэты перыяд мы прайшлі ў пачатку 1990-ых», — расказваў ён. На пытанне, чаму ў сталіцы няма вуліцы Васіля Быкава Карпенка адказваў, што ўшанаванне памяці не абавязкова павінна адбывацца праз назвы вуліц: «Я б не драматызаваў гэтую сітуацыю». Затое вуліца Карла Маркса, на яго думку, патрэбная, бо ягоныя працы вывучаюцца ў многіх універсітэтах свету. Ахоўвае ён і скульптуры Леніна:

«Помнікі зносяцца для наступнай фальсіфікацыі гісторыі спецыяльна».
Цяпер рукі ўраджэнца Новакузнецка дацягнуліся да нашай роднай мовы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?