Камп'ютарная гульня Riot па матывах народных пратэстаў на плошчах розных гарадоў і краін распрацоўваецца ў Італіі. «Сімулятар народных пратэстаў» мусіць неўзабаве выйсці для iOS і Android,а пазней і для звычайных камп'ютараў. Канешне, калі распрацоўшчыкі збяруць дастаткова сродкаў на яе выхад.
Назоў гульні Riot, якая мусіць быць выкананая ў стылі піксельнай графікі, можна перакласці як «пратэст». Кажучы мовай беларускай міліцыі, справа ідзе аб «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», папросту Плошчы.
У адрозненні ад яе беларускага варыянту, пераможцамі з Плошчы могуць выйсці не толькі праваахоўныя органы, але і пратэстоўцы.Усё залежыць ад геймера, які можа стаць як на бок людзей са сцягамі (у трэйлеры гульні чамусьці ЛГБТ) і расцяжкамі, гэтак і на бок паліцыі. Апошняя не скупіцца на выкарыстанне вадамётаў і дубінак.
Як кажуць распрацоўшчыкі — каманда з трох італьянцаў — гульня ствараецца на падставе падзей, што адбываліся і можа нават яшчэ будуць адбывацца ў Егіпце, Грэцыі і Італіі. Адзін з аўтараў Riot на свае вочы бачыў некаторыя пратэсты.
Каб наблізіць выхад гульні, праграмісты заклікаюць усіх неабыякавых тэрмінова ахвяраваць на яе распрацоўку любую суму грошай ад $1.
«Калі ты жывеш у краіне, якая завязла ў карупцыі і знешняй пазыцы, амаль немагчыма знайсці шлях фінансавання праекту ў Італіі. Таму мы просім вашай дапамогі. Вы патрэбныя нам, каб распаўсюдзіць важныя ідэі праз відэагульні», — пішуць стваральнікі Riot.