Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы TUT.BY наведаўся ў госці да навучэнцаў беларускамоўнай гімназіі № 23.

Ціхія калідоры, рэдкія кабінеты, у якіх не знойдзеш больш за 20 вучняў, строгі дрэс-код і, безумоўна, размовы на беларускай мове — менавіта такая атмасфера пануе ў гімназіі. TUT.BY пашанцавала апынуцца на ўроку фізікі ў 10-м класе. Разам з вучнямі згадалі «Паслядоўнае і паралельнае злучэнне праваднікоў».

Валерый Шынкароў працуе ў гімназіі больш за восем гадоў.
Выкладае фізіку ў 6–11 класах. Раней працаваў у рускамоўнай школе. Але калі прыйшоў у гімназію № 23, зразумеў, што трэба ўсё выкладаць па-беларуску:

— Я сам хацеў тут працаваць. Я бачыў дзяцей, якія прыйшлі сюды вучыцца на беларускай мове. Мне гэта падабаецца. Я беларус і стаўлюся да беларускай мовы і беларускасці вельмі пазітыўна. Вырашыў, што, як усякі настаўнік, я павінен размаўляць і ведаць мову не горш за вучняў.

— Якія складанасці ўзнікаюць ппадчас выкладання фізікі па-беларуску? Што вы робіце, калі вучні вас не разумеюць?

— Безумоўна, ёсць складанасці, перш за ўсе звязаныя з адсутнасцю дыдактычных матэрыялаў на беларускай, але гэта не перашкаджае навучанню і засваенню ведаў па фізіцы, таму што я за гады выкладання назапасіў дастаткова матэрыялаў. Амаль усе тэрміны, якія мы выкарыстоўваем на занятках, маюць або лацінскія, або грэцкія карані, паходжанне якіх я тлумачу. І часцей гэтае тлумачэнне дапамагае вучням.

Вучні гімназіі № 23 прыйшлі вучыцца менавіта сюды з розных прычын: кагосьці ў дзяцінстве прывялі бацькі, другія — па ўласным жаданні. На перапынку можна было заўважыць, што амаль усе вучні размаўляюць па-беларуску. Паводле іх словаў, дома з бацькамі яны размаўляюць таксама па-беларуску.

Гімназія № 23 існуе з 2002 года. Тут вучацца дзеці з першага па адзінаццаты клас. Прадметы тыя ж, што і ў іншых школах. Вось толькі з замежных моваў вывучаюць не англійскую і нямецкую ці французскую, як традыцыйна бывае, а англійскую і кітайскую.

— У нашай установе існуе выкладанне на беларускай такіх замежных моваў, як англійская і кітайская. Практыка выкладання кітайскай пачалася яшчэ ў 2006 годзе. Гэтую мову вывучаюць з першага па адзінаццаты клас. Выкладанне вядзецца на кітайскай, але калі патрэбныя якія-небудзь заўвагі, яны робяцца па-беларуску. Кітайскую мову выкладаюць як беларускія выкладчыкі, так і настаўнік з КНР, — гаворыць намеснік па навукова-метадычнай рабоце Ірына Піскун.

Cтаршыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сцвярджае, што сёння ў Мінску шэсць беларускамоўных школ, але ёсць яшчэ і беларускамоўныя класы ў рускамоўных школах. Што да ўсёй Беларусі, то беларускамоўных школ больш у вёсках. Але вучняў там вельмі мала і з кожным годам робіцца ўсе менш, таму школы закрываюць. Паводле Белстата, сёння ў краіне на беларускай мове навучаецца 151 тысяча школьнікаў, альбо 16,4% ад агульнай колькасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?