24 лютага Рыгору Барадуліну спаўняецца 78 гадоў. Жадаем патрыярху беларускай паэзіі здароўя, творчай і жыццёвай моцы, радасці.
«Эпоха Барадуліна». Фільм рэжысёра Віктара Корзуна.
Рыгор Барадулін. Уцякала зіма ад вясны
Уцякала зіма ад вясны
Па кустах вербалозаў рагатых, —
Ёй каптан абарвалі яны,
I на голлі матляецца вата.
Уцякала зіма ад вясны,
Уцякала па рэках, азёрах,
Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,
Здрадзіў лёд — і вада на прасторы.
Толькі звон крыгалому ачах —
Брод шукаюць
I трымаюць на ніцых плячах,
Як дзяцей палахлівых, буслянкі.
А вясна даганяла зіму;
Заяц скочыў у лужу блакіту,
Бо на хвост наступіла яму,
I пралескі распырскаў, раскідаў.
I ўцякала зіма ад вясны,
Пад нагамі ламачча затлела,
Парастрэсла па сцежках лясных
Снег апошні свой з ландышаў белых.
Уцякала зіма ад вясны —
Уцякала…