За першую палову году ён дасягнуў $1793,4 млн. Аднак самае трывожнае для эканамічнае незалежнасьці Беларусі ня гэта.

Дэфіцыт замежнага гандлю таварамі за першую палову году ён дасягнуў $1793,4 млн. Гэтыя зьвесткі распаўсюдзіла сёньня Міністэрства статыстыкі і аналізу. Прычым чэрвеньскія вынікі замежнага гандлю найгоршыя: мінус вырас на $342,7 млн. Рост дэфіцыту ў параўнаньні зь мінулым годам склаў 93 %.

Аднак самае трывожнае для эканамічнае незалежнасьці Беларусі ня гэта. Зноў папаўзла ўгару залежнасьць Беларусі ад аднае краіны. Прычым гэта тая самая краіна, якая не хавае сваёй ахвоты далучыць Беларусь і пераварыць беларусаў як нацыю.

Доля Расеі ў замежным гандлі Беларусі вырасла да 48,3 %. (У экспарце 36,7 %, імпарце — 58,1 %.) Гэта недапушчальныя лічбы для любой краіны, што дбае пра ўласную бясьпеку.

Калі на адну краіну прыпадае такая высокая доля замежнага гандлю, яна робіцца практычна безабаронная супраць эканамічнага шантажу і гэта непазьбежна прыводзіць да поўнай палітычнай залежнасьці.

Для параўнаньня: доля Расеі ў замежным гандлі Латвіі ў 2006 годзе была роўная 8,3 %. І яна сувымерная з долямі Літвы, Эстоніі, Германіі і Беларусі ў гандлі нашай паўночнай суседкі.

Доля Расеі ў замежным гандлі Эстоніі, самай пасьпяховай у эканамічным сэнсе з былых савецкіх рэспублік, складала 78 % на выхадзе з СССР і скарацілася да 11 % цяпер.

Што датычыць нашае паўднёвае суседкі, Украіны, дык доля Расеі ў яе замежным гандлі таварамі апошнія гады стабілізавалася на ўзроўні 26—29 % (27,5 % за першыя пяць месяцаў сёлета).

Дарэчы, замежнагандлёвы дэфіцыт украінскага замежнага гандлю сёлета таксама вырас. Ён склаў за паўгоду каля $4,6 млрд, што на 35 % больш чым за аналягічны пэрыяд году мінулага.

Сам факт росту замежнагандлёвага дэфіцыту ня ставіць прамой пагрозы эканамічнай стабільнасьці. Варта адзначыць, што ў Беларусі адмоўнае сальда роўнае 14,3 % ад імпарту, тады як ва Ўкраіне – 16,6 %. Пры тым ва Ўкраіне ўзровень валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва ніжэйшы за беларускі на 60 %.

Нашмат большую небясьпеку мае тое, што сёньняшні эканамічны курс няздольны вывесьці краіну да сапраўднае шматвэктарнасьці.

У 1994 годзе на долю Расеі прыпадала 46 % замежнага гандлю Беларусі, на краіны СНД — 12 % і яшчэ 42 % — на астатні сьвет. У 1998 годзе на Расею прыходзілася ўжо 67 % замежнагандлёвага абароту. Дывэрсыфікацыю гандлю ўдалося наноў ажыцьцявіць урадам Ярмошына, Навіцкага, Сідорскага за 2000‑2006 гады. Аднак толькі да пэўнай меры: краіна заставалася цалкам залежнаю ад імпарту расейскіх энэрганосьбітаў. І вось ізноў пачалася адваротная тэндэнцыя.

Яе можна зьвязаць перадусім з падзеньнем нафтавага экспарту Беларусі пасьля зьніжэньня падатковых ільготаў на экспарт расейскай нафты. Раней яе папросту рээкспартавалі празь Беларусь адкрыта або сукрыта — пасьля перапрацоўкі на «Нафтане» і Мазырскім нафтаперапрацоўчым. Менавіта з нафтавымі пературбацыямі зьвязанае радыкальнае падзеньне экспарту ў Нямеччыну сёлета — на 44 % за першае паўгодзьдзе.

Гэтыя лічбы адбіваюць таксама непрыстасаванасьць беларускіх вытворцаў да канкурэнцыі на сусьветных рынках. А што здарыцца, калі Расея адменіць пратэкцыянісцкі рэжым для нейкіх катэгорый беларускіх тавараў? Пэрспэктыва цалкам рэальная ў сьвятле далучэньня РФ да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

У беларускім выпадку гэта тым больш адчувальна, што наш унутраны рынак малы, а гаспадарка экспартна‑ і імпартнаарыентаваная.

* * *

Толькі лічбы Мінстату

У Беларусі ў студзені‑чэрвені 2007 году сальда замежнага гандлю таварамі склалася ад’емным у памеры $1793,4 млн. За чэрвень 2007 году яно вырасла на $342,7 млн. У студзені‑чэрвені 2006 году ад’емнае сальда складала $927,9 млн.

Аб’ём замежнага гандлю ў студзені‑чэрвені 2007 году склаў $23222,8 млн. Імпарт тавараў вырас на 22,4 % і склаў $12508,1 млн, экспарт пабольшаў на 15,3 % і склаў $10714,7 млн.

Пры гэтым экспарт у Расею вырас на 28,7 % і склаў $3935,0 млн, ва Ўкраіну на 15,5 % да $575,8 млн. Экспарт па‑за СНД павялічыўся толькі на 5,3 % і склаў $5777,4 млн. Экспарт у Германію зьнізіўся на 43,8 % і склаў $229,7 млн.

Аб’ём імпарту з Расеі вырас на 16,1 % і склаў $7271,7 млн. Імпарт з Украіны узрос на 35 % і дасягнуў $695,9 млн. З краінаў па‑за СНД Беларусь нарасьціла імпарт на 31,2 % да $4406,9 млн. Імпарт з Германіі ўзрос у 1,5 разу і склаў $1019,1 млн.

Плянам на 2007 год вызначалася задача давесьці сальда замежнага гандлю да плюс $500 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?