Пяць найбуйнейшых расійскіх нафтавых кампаній папрасілі прэзідэнта Расіі замацаваць за імі манапольнае права паставак нафты ў Беларусь. Пра гэта піша газета «Известия».

У снежні кіраўнікі «Сургутнефцегазу», «Газпрамнефці», «ТНК-ВР Холдынгу», «Раснефці» і «Лукойла» звярнуліся з лістом да Уладзіміра Пуціна. «Яны папрасілі замацаваць за іх кампаніямі права экспартных паставак нафты ў Беларусь, у тым ліку для перапрацоўкі на НПЗ. Для гэтага прапаноўваецца ўнесці адпаведныя папраўкі ў дзейнае заканадаўства. Іншыя расійскія кампаніі, такім чынам, права экспартных паставак нафты ў суседнюю рэспубліку пазбавяцца», — паведаміў «Известиям» прадстаўнік адной з кампаній.

У Федэральнай антыманапольнай службе выданню пацвердзілі наяўнасць ініцыятывы пяці нафтавых кампаній.
Адміністрацыя прэзідэнта, перш чым прыняць рашэнне, запытала меркаванне ФАС і Мінэнерга.
«Экспарт у суседнюю рэспубліку — адзін з самых рэнтабельных кірункаў бізнесу расійскіх кампаній.
Пры ўзнікненні канкурэнцыі паміж айчыннымі пастаўшчыкамі беларусы атрымаюць дадатковы козыр для выбівання прэферэнцый ад Расіі. Гэта можа абярнуцца мільярднымі стратамі для казны, сцвярджаюць найбуйнейшыя карпарацыі. У такі сцэнарый не вераць Мінэнерга і ФАС, якія выступілі за свабодную канкурэнцыю паміж айчыннымі кампаніямі. Канчатковае рашэнне застанецца за прэзідэнтам», — пішуць «Известия».

Газета прыводзіць даныя, якія нафтавыя кампаніі прадаставілі па запыце Мінэнерга Расіі. Так, «Лукойл» паведаміў, што ў 2012 годзе паставіў ў Беларусь 4,4 млн. тон нафты: 1,6 млн. тон — на Мазырскі НПЗ, 2,8 млн. тон — на Наваполацкі НПЗ. Сярэдняя эфектыўнасць такіх паставак дадаткова забяспечыла 12–14 долараў на кожнай тоне ў параўнанні з нафтай, якая прадаецца праз расійскія парты. Апрача таго, 50% паставак кампанія накіроўвала на перапрацоўку. Прыбытковасць давальніцкай схемы складала 30 долараў на тону. «Валодаючы ўласнай збытавай сеткай у Беларусі, „Лукойл“ павялічваў маржу яшчэ больш чым на 14 долараў. Такім чынам, агульны валавы даход давальніцкай схемы перапрацоўкі ацэньваецца кампаніяй звыш 56 долараў на тоне (даходнасць нафтапрадуктаў Мазырскага НПЗ на 12 долараў на тону вышэйшая, чым у Наваполацкага завода)», — зазначаюць «Известия».

У лісце да Мінэнерга найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі дадаткова растлумачылі сваю прапанову.

Так, у «Газпрамнафце» мяркуюць, што канкурэнцыя з іншымі расійскімі кампаніямі за графік паставак, які зацвярджаецца Мінэнерга, дасць беларускаму боку «аргумент для змянення цэнавай формулы і зніжэння цэн пастаўкі/цэнавай прэміі». Зніжэнне цэн на 300 рублёў за тону пры аб’ёме паставак 20 млн. тон прывядзе да стратаў для кампаній на ўзроўні 6 млрд. расійскіх рублёў. Прамыя страты расійскага бюджэту (недаатрыманы падатак на прыбытак) складуць больш за 1,2 млрд. рублёў.
Па разліках «ТНК-ВР» пры зніжэнні кошту тоны нафты, што накіроўваецца ў Беларусь, на адзін долар, бюджэтныя страты складуць 0,16 долара. Пры аб’ёме ў 18 млн. тон у год расійская казна недалічыцца 2,88 млн. долараў.

Пры гэтым «Известия» зазначаюць, што пазіцыя пяці найбуйнейшых нафтавых кампаній не знайшла падтрымкі ў Мінэнерга і ФАС. У лісце нафтавікам, а таксама ў адказе, што адпраўлены ў адміністрацыю прэзідэнта, ведамствы паведамілі, што лічаць змяненні «немэтазгоднымі».

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?