У дзяржаўнай жыллёвай палітыцы вызначыўся калі не разварот, то, прынамсі, віраж. Эксперымент па стварэнні пасёлка з драўляных і панэльных каркасных катэджаў прызнаны ўдалым, таму масавае будаўніцтва прыватных адна- і двухпавярховых дамоў можа пачацца па ўсёй краіне.

Высокія лабісты

Адным з ініцыятараў праграмы называюць намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрыя Семянкевіча. Некалькі гадоў ён займаўся развіццём камун і гарадоў Венесуэлы, а цяпер шчыльна заняўся стварэннем катэджавай Беларусі. «Павінны быць створаныя ўсе ўмовы, каб чалавек не сам, па 5—7 гадоў, будаваў дом, а мог атрымаць пабудаваны індустрыйным спосабам, фактычна гатовы да пражывання камфортны дом за год», — тлумачыў ён у інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе».

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падчас нядаўняга візіту ў Гродна пацвердзіў: доля індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў агульным уводзе жылля ў Беларусі мусіць павялічыцца да 40%.
Па ягоных словах, прадавацца будуць ужо гатовыя тыповыя катэджы. Чаргавікам гэтыя дамы будуць прапаноўвацца з правам пажыццёвага валодання зямельным участкам, а іншым беларусам — прадавацца праз аўкцыёны. Вярнуўшыся з Гродна, натхнёны Мясніковіч выступіў з прапановай: аднавіць выдачу валютных крэдытаў на будаўніцтва жылля. Гэта б дазволіла беларусам са стабільным заробкам паўдзельнічаць у стварэнні аднапавярховай Беларусі.

Аграгарадок у межах горада

Эксперыментальны пасёлак знаходзіцца ў Ласосне-3, гэта прыгарад Гродна. З цэнтра горада на машыне ехаць каля 10 хвілін. Аднак пра існаванне пасёлка ведае мала хто.
«Панэльны катэджны пасёлак? У прыгарадзе? Вы нешта блытаеце», — кажуць мясцовыя жыхары. Нарэшце знаходзіцца абазнаны чалавек: «Едзьце міма бальніцы, міма вайсковай часці, міма гаражоў. І там перад самым лесам пасёлак. Ні з чым не зблытаеце, ён як аграгарадок выглядае».

Мясніковіч паабяцаў за бюджэтныя грошы забяспечваць пасёлкі электрычнасцю і вадой, а таксама будаваць інжынерныя сеткі і гравійна-пясчаныя дарогі. Гравійка, мякка кажучы, у Ласосне дрэнная. Калі кола аўтамабіля правальваецца ў чарговую яміну, вырашаю рушыць далей пешшу.

Пасёлак выглядае нібыта дэкарацыі для фантастычнага трылера пра вымерлую Зямлю. Некалькі дзясяткаў падобных катэджаў — і ні душы.
Спытаць, ці па правільным адрасе я прыехаў, няма ў каго.

Уваходныя дзверы і шклопакеты на дамах яшчэ абматаныя цэлафанам. Праз вокны і напаўпразрыстыя дзверы можна ўбачыць чарнавое аздабленне катэджаў і нават паглядзець наскрозь, у вокны насупраць. Адзіная прыкмета, па якой можна адрозніць набыты дом ад нічыйнага, — хаця б сімвалічны плот вакол участка.

Ахвотных набыць свежапабудаваныя панэльныя і драўляныя катэджы ў пачатку 2011, калі ўпершыню ўзнікла прапанова, было небагата. Але неўзабаве ляснула дэвальвацыя. Курс даляра скакаў усё вышэй, прычым значна хутчэй за цэны «Гроднажылбуда». Грошы трэба было ўкласці хоць куды, таму гродзенцы і расхапалі эксперыментальныя хаткі.

«Каб у іх рукі адсохлі!»

Нарэшце перад адным з дамоў бачу мужчыну. Як высвятляецца, гэта гаспадар. Ён яшчэ не жыве ў Ласосне, а прыехаў на дробныя рамонтныя працы. У яго панэльны аднапавярховік.

Першае, што чую ад гаспадара на пытанне пра якасць дамоў, гэта праклён: «Каб у іх усіх рукі адсохлі!» Ён тлумачыць, што судзіцца з будаўнікамі больш за год. У падвале ягонага катэджа стаіць вада. «Патрабаваў, каб перарабілі падмурак», — кажа гаспадар. Гэтая праблема нібыта вырашаецца, але наперадзе наступныя. «Ды тут усё перарабляць трэба!» — разводзіць рукі ён. І сцены няроўныя, і з дахам не пашанцавала. Нараканняў няма хіба што на цеплыню ў доме. Зрэшты, пакуль катэдж не заселены, усіх праблем не ўбачыш.

Свой дом гаспадар набыў, па яго словах, «менш за $100 тысяч», але куплі, відавочна, не рады.

«Ці параілі б каму з сяброў пасяліцца па суседстве?» — «Ніколі!» — адразае ён.

На развітанне раюся, ці рэальна знайсці ў пасёлку хоць каго з жыхароў. «Адна пара жыве, — узгадвае ён і паказвае рукой. — Вось там, каля лесу».

З горада ў прыгарад

Адзіны заселены дом — драўляна-каркасны катэдж на паўтара паверха з мансардай.
Званю ў дзверы, і пад гучны брэх кішэннага сабачкі на парозе з’яўляецца гаспадар, які гасцінна запрашае на экскурсію па хаце. Тут няма залатых унітазаў ці плазмы з метровай дыяганаллю, але рамонт зроблены якасна і з густам.

На першым паверсе за перадпакоем знаходзяцца кухня, санвузел і вялікая гасцёўня з лесвіцай наверх. Гаспадыня тым часам глядзіць тэлевізар, каля якога ляжыць агромністая антэна. «Кабельнае тэлебачанне ў пасёлак яшчэ не працягнулі», — тлумачыць яна. «Затое электрычнасць, вадаправод — усё як у горадзе», — падхоплівае гаспадар.

Тэрытарыяльна пасёлак уключаны ў склад Гродна.
Бліжэйшая крама каапсаюза «Родны кут», дарэчы, за паўкіламетра, за запраўкай.

Падымаемся на другі паверх, тут яшчэ адзін санвузел і некалькі прасторных спальняў. З дзвюх з іх можна выйсці на балкон і палюбавацца краявідамі. Праўда, вакол бачныя толькі недабудаваныя такія ж катэджы. Продаж новых дамоў яшчэ працягваецца. Пачатковы кошт за мансардныя дамы на аўкцыёне складае $71 тысячу.

Першыя-лепшыя

У інтэрнэце многія наракаюць, што такія дамы халодныя, маўляў, у сценах утвараюцца шчыліны. Гаспадары катэгарычна адмаўляюць прэтэнзіі: «Мы на другім паверсе нават ацяпленне не заўсёды ўключаем, бо іначай аж горача робіцца». Знутры дом уцеплены мінеральнай вартай, звонку — 10-сантыметровым пенаполістыролам і, дадаткова з абодвух бакоў, абабіты стружкавай плітой.

«Як выйшла, што вы фактычна адзіныя на ўвесь пасёлак жывяце?» — «Людзі патроху робяць рамонт, пад лета многія будуць жыць, — прагназуе гаспадар і адразу ж прапануе: — Можа, варта было б прадаваць дамы ўжо з аздабленнем, хай і трохі даражэйшыя».

Немаладая пара расказвае, што набыла свой катэдж за $80 тысяч — прадалі кватэру ў Гродне і пераехалі ў прыгарад. «Такія дамы збіраюцца будаваць па ўсёй краіне. Ці параілі б перасяляцца ў катэджы знаёмым?» — «Якраз сёння да нас дзеці і сябры ў госці прыязджалі, — кажа гаспадар. — Паразважалі і ра-зам вырашылі, што гэта добрая справа».

Дорага і рызыкоўна

Вызначыцца, ці насамрэч эксперымент паспяховы, складана — ад пачатку будаўніцтва прайшло ўсяго два гады, таму ўсіх падводных камянёў не бачна.

Укласціся ў навінку ўласнымі грашыма рызыкуюць нямногія. Адштурхоўвае і кошт. $70-100 тысяч — гэта вялікія грошы, за якія ў любым месцы Беларусі, апроч Мінска, можна набыць ужо пабудаваны традыцыйным спосабам дом ці вялікую кватэру.

Разварот будаўнічай сферы ў бок каркаснікаў можа быць толькі пры спрыянні дзяржавы, напрыклад, з дапамогай крэдытавання.
Стаўкі па рублёвых крэдытах велічэзныя, але ёсць варыянт выдаваць грошы ў валюце. Гэта той рызыкоўны падыход, які Міхаіл Мясніковіч паспрабаваў пралабіраваць ва ўрадзе, аднак натыкнуўся на катэгарычную нязгожу старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай.

***

Што такое каркасны дом?

Гэта тэхналогія будаўніцтва, папулярная ў Заходняй Еўропе і Амерыцы ўжо некалькі стагоддзяў. Да галоўных перавагаў адносіцца таннасць. Квадратны метр базавай камплектацыі каштуе каля $450. Здзіўляе і хуткасць зборкі. «Дом-канструктар» вырастае за месяц. Сярод недахопаў — адносна нізкая цеплаёмістасць. Некаторыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў каркасніках, могуць быць шкодныя для арганізма чалавека. Дый дамы, якія фактычна ўзлятаюць у паветра пры ўрагане, — гэта тыя самыя каркаснікі.

***

Асноўныя тыпы дамоў у Ласосне

Драўляны каркасны дом агульнай плошчай 120 м2. На першым паверсе тамбур (2,6 м2), прыхожая (4,8 м2), кухня (9,3 м2), санвузел (2,8 м2) з душавой кабінкай, гасцёўня (34 м2). На другім — калідор (8,6 м2), санвузел (9,6 м2) з ваннай, тры жылыя пакоі (10,4 м2, 13,8 м2 і 15,4 м2) і балкон (4,5 м2). Кошт — каля $70 тысяч.

Аднапавярховы панэльны дом агульнай плошчай 74 м2. Складаецца з гасцёўні (22,3 м2), дзвюх спальняў (13,7 м2 і 14,7 м2), кухні-сталовай (9 м2), санвузла (4,7 м2) і калідора.

***

Катэджы ад завода газетнай паперы

Каркасныя драўляныя і панэльныя дамы робіць не толькі «Гроднажылбуд». Напрыклад, філіял «Домабудаванне» ёсць на Шклоўскім заводзе газетнай паперы. Самая танная панэльная «Александрыя» плошчай 90 м2 каштуе $27 тысяч, самая дарагая панэльная «Альфа» плошчай 243 м2 — $70 тысяч.

А вось каркаснікі з клеенага бруса каштуюць ад $20 тысяч («Вікінг», 63 м2) да $150 тысяч («Каштан», 326 м2). Гэта цана складзенага набору будматэрыялаў для ўзвядзення. Кошт працы тут не ўключаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?