Аляксандар Лукашэнка да 23 лютага раздаваў генэральскія пагоны. На пяць генэралаў у Беларусі стала больш. Колькі ў Беларусі генэралаў, ці шмат яны зарабляюць і як ім жывецца?

Сярод пяці новых генэралаў — начальнік менскай міліцыі Аляксандар Барсукоў, якога Эўразьвяз уключыў у сьпіс неўязных у Эўропу за датычнасьць да рэпрэсіяў супроць апазыцыі.
Намесьнік старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка не сумняваецца, што Барсукоў стаў генэралам дзякуючы сваёй асабістай адданасьці Аляксандру Лукашэнку:

«У гэтай дзяржаве генэрала даюць хутчэй за асабістыя якасьці, чалавечыя якасьці. Вось Барсукоў — вельмі жорсткі чалавек. Ён жорсткі да тых, хто нязгодны з палітыкай Лукашэнкі. Я сутыкаўся з Барсуковым у сытуацыях, калі ён ставіўся неналежным, як мне падаецца, чынам да тых, хто за яго значна старэйшы. Да тых жа бабулек, якія прыходзяць на апазыцыйныя акцыі. Гэта было вельмі неадэкватна».

Прафэсіяналы між тым перакананыя, што стаць генэралам міліцыі бяз пэўных прафэсійных дадзеных немагчыма.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб пералічыў генэральскія пасады: кіраўнікі абласных і Менскай управаў міліцыі, міністар і ягоныя намесьнікі, кіраўнік Акадэміі міліцыі і камандуючы ўнутранымі войскамі. Такім чынам, атрымліваецца каля 10 дзейных генэралаў, а колькі адстаўнікоў — спадар Грыб падлічыць не бярэцца. Ён дакладна ведае, што да генэрал-палкоўніка не даслужыўся ніхто, а генэрал-лейтэнантаў міліцыі ў адстаўцы — ажно 7 чалавек. Гэта ён, Савічаў ды былыя міністры, сярод іх Куляшоў, Навумаў, Ягораў.
У найноўшай гісторыі беларускай міліцыі быў адзін генэрал, якога пазбавілі генэральскага званьня — Юры Захаранка, якога Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасады міністра ўнутраных спраў у 1995 годзе.
Захаранка спрабаваў аспрэчыць указ Лукашэнкі, і хоць гэта не атрымалася, да траўня 1999 году, калі яго выкралі невядомыя, працягваў лічыць сябе генэралам.
Колькі зарабляюць беларускія генэралы міліцыі? У прэсавай службе МУС лічбаў не называюць, але кажуць, што заробкі ня тыя, якімі можна ганарыцца. Мечыслаў Грыб арыентуецца на сваю пэнсію — 4,5 мільёна рублёў. Паводле яго, гэта каля 45% ад заробку дзейнага генэрала.

Ці ёсьць у міліцэйскага генэрала ў адстаўцы нейкія прывілеі? Мечыслаў Грыб сьмяецца і кажа, што лецішча генэралам не даюць, як і бясплатнага праезду на транспарце. Лячыцца можна ў шпіталі МУС, а вось з санаторным лячэньнем — больш складана. «Напісаў заяву на пуцёўку, але пакуль не падпісалі», — кажа генэрал-лейтэнант у адстаўцы Мечыслаў Грыб.

А што наконт генэральскай формы? Ці можна за кошт дзяржавы аднавіць старую форму?

«Калі форма састарэла, то я магу пашыць новую, але толькі за свой кошт. Вядома, каму ж я патрэбны на пэнсіі, каб мне шылі бясплатна? Але калі шчыра, то раней ня вельмі і насілі міліцэйскую форму ў адстаўцы, бо непрэстыжна. І цяпер збольшага гэтак засталося.
Я апошні раз надзяваў генэральскую форму ў годзе 93-м ці 94-м. Не надзяю і ўжо не хачу. Я ўжо ня ў тым веку, каб форма мяне ўпрыгожвала, і ў самога ня тая выпраўка. А нашто зьдзекавацца з формы? Не хачу і ня бачу ў гэтым ніякай патрэбы», — кажа Грыб.

Былы міністар абароны, генэрал-палкоўнік у адстаўцы Павал Казлоўскі кажа, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў у беларускім войску было каля 50 генэральскіх пасадаў. З таго часу адбываліся скарачэньні, і Павал Казлоўскі не выключае, што дзейных генэралаў стала меней, але не нашмат.

Пра генэральскія прывілеі Павал Казлоўскі сказаў тое ж, што і Мечыслаў Грыб: што было тых прывілеяў мала, а цяпер і тыя ўсе скончыліся. «Раней генэралам давалі квіток у вагоне з павышанай камфортнасьцю, а цяпер за свае грошы і едзь у мяккім хоць куды, але хто ж паедзе?» — кажа Павал Казлоўскі.

Паводле Паўла Казлоўскага, камандзір батальёну, а гэта палкоўніцкая пасада, — 6 мільёнаў рублёў, альбо каля 700 даляраў. Начальнік управы ў Міністэрстве абароны, як і камандуючы брыгадай — пасада генэрал-маёра — гэта каля 9 мільёнаў, ці 1100 даляраў. Шмат гэта ці не? Паводле Паўла Казлоўскага, для генэрала гэта вельмі мала, і нездарма ахвотных даслужыцца да генэрала сярод беларускіх вайскоўцаў няшмат:

«Чаму са службы шмат хто звальняецца? Магчыма, з той прычыны, што думаюць: ці варта станавіцца камандзірам брыгады, генэрал-маёрам? Прыкладам, стаў ён падпалкоўнікам, зачапіўся дзе ў Берасьці, кватэра ўжо ёсьць, гараж ёсьць, а можа ўжо і кавалак зямлі атрымаў, пачаў што там будаваць, — і ён ня хоча служыць далей. Ён ня хоча быць генэралам — ён проста хоча ў Берасьці даслужыць. Ды пайсьці хутчэй на пэнсію, каб яшчэ знайсьці працу, пакуль малады. Такія настроі ў войску — гэта жахлівае становішча, калі людзі не імкнуцца зрабіць вайсковую кар’еру».

Назіральнікі адзначаюць, што адна зь яўных пераваг высокага становішча ў войску, міліцыі ці іншай сілавой структуры — магчымасьць праз параўнальна танны крэдыт пабудаваць кватэру, прычым пажадана ў прэстыжным месцы.
У Менску ў сувязі з такімі будоўлямі рэгулярна ўзьнікаюць канфлікты са звычайнымі менчукамі, бо новыя дамы ўшчыльняюць забудову.

Некаторыя высокапастаўленыя міліцыянты знаходзяць магчымасьць будаваць ня толькі кватэры, але і катэджы. Былы міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў у канцы 2010-х гадоў прызнаваўся журналістам, што будуе катэдж у прэстыжным пасёлку каля Драздоў, узяўшы ў крэдыт 75 тысяч даляраў. Зь якіх заробкаў генэрал Навумаў зьбіраўся вяртаць гэты крэдыт, ён не ўдакладняў.

У канцы 2008 году некалькі высокапастаўленых міліцыянтаў, у тым ліку генэралаў, страцілі свае пасады з-за таго, што паспрабавалі пабудаваць катэджы ў прыродаахоўнай зоне каля Менскага мора.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?