Афішу з назвай «Голы кароль», прэм’ера», — немагчыма было не заўважыць! Вялікі тэатральны гмах, збудаваны на месцы колішняга касьцёлу, нагадвае або гіганцкага павука, або касьмічную станцыю, што «прымарсілася» ці «прывянэрылася».

Летняя прэм’ера, адпачынковыя настроі, захацелася схадзіць, але не атрымалася. Аб спэктаклі даведваешся з газэты, бачыш здымак караля ў сьветлым трыко і цыліндры на галаве, ды з прыкольным «званочкам», прышытым да адпаведнага месца. Жаданьне схадзіць у тэатар застаецца ранейшым.

Акторам таксама хочацца паўтарыць сьвежы выступ, хочацца рэжысэру, пагатоў што поўны аншляг. Назва выглядае нібы вядомай даўно, але прыдуманай альбо абнародаванай, агучанай толькі сёньня. Кароль жа голы! Хто б сумняваўся! Усе гэта бачаць, але толькі баяцца прызнацца нават самім сабе.

Бывае, што ты не чакаў, але спадабалася надзвычай. Гэта — найвышэйшая ступень задавальненьня. А вось з «Голым каралём» у цябе атрымалася, таксама нечакана, усё наадварот. Ты сядзеў перад сцэнай і зьлёгку раздражняўся. Чаму? Напэўна таму, што не падабалася, не задавальняла стылістыка, эстэтыка чыста савецкія, ад якіх апошнімі гадамі значна адвык.

Напачатку штучная маладзёвая весялосьць, танцы, наіўна‑шчырыя выгукі, маналёгі. Якаясьці «Юнона і авось». Табе гавораць: на Брадвэі таксама м’юзіклы такія. Магчыма. Але ты ня церпіш ніякіх м’юзіклаў праз штучнасьць, ненатуральнасьць, павярхоўнасьць. Што ж, такі жанр. Але ўсё выглядае на камсамольскую тэатральную брыгаду, на спэктакль для школьнікаў.

Хаця, хаця, азірніся навокал: у залі спрэс маладыя твары — студэнткі, школьнікі. Зьдзівіла і мноства новых маладых менавіта актораў. Тры тутэйшыя прымадоны выглядалі ў іхняй сябрыне бадай старамодна, нават калі ім замянілі раптам прыдворныя сукні з фальбонкамі камуфляжам з наплечнікамі і палявымі фуражкамі. Узрост ёсьць узрост. Зрэшты, старэйшыя акторы больш пераканаўчыя, а гэта на сцэне, ясна, галоўнае. Асабліва спадабаўся кароль разумнейшы, дачку якога заманулася пашлюбіць голаму. Ён быў вельмі прафэсыйны, у думках ты сабе прызнаўся: «Так, веру!»

Твой настрой, аднак, разыходзіўся з настроем большасьці публікі, якая радавалася, сьмяялася, пляскала. Ну, напрыклад, як не пасьмяяца з караля, які фарсіць у камуфляжным(!) смокінгу! Гледачам, яўна, гэта штосьці нагадала. Аматар камуфляжу ў рэшце рэшт апынаецца ў чым маці нарадзіла з тэатральнымі гэніталіямі, выглядае нібы і сьмешна, але й разгублена, жаласьліва, яго нават шкада. Прыкольна, пагатоў нечакана, але голаму каралю зацягваюць на шыі сапраўдную пятлю з тоўстай вяроўкі. Публіка шалее! Хіба што у Андэрсэна гэтага не было і не магло быць. Ня ведаю, праўда, як у расейскага пісьменіка Шварца, п’есу якога паставілі ў гарадзенскім тэатры. Карацей: поўны аншляг.

Застаецца толькі разабрацца ва ўласным пачуцьцях. Публіцы відавочна спадабалася. Спадабаліся празрыстыя намёкі на дзень сёньняшні? Бадай што. Чаго ж не хапала табе? Твая сяброўка запыталася: ты чакаў, каб на сцэне адбыўся мітынг, і выступіў актор, загрыміраваны пад Пазьняка? Вядома ж, не! Тады што, у чым прычына? Магчыма ў тым, што тэатральныя намёкі не дацягваюць да моцы рэальнасьці, да штодзённых зьвестак, якімі перапоўнены інтэрнэт? Так‑так, ім не хапае солі, не хапае перцу з імберцам.

Але большасьць, нават калі яна адмаўляецца глядзець сёньняшняе савецкае тэлебачаньне і чытаць савецкія газэты, не шукае заменьнікаў. Маўляў, не абавязкова, можна абысьціся. І апынаецца часам нібы ў інфармацыйным вакууме. Вось чаму яна жыва рэагуе на гульню актораў, на падзеі, што адбываюцца на сцэне. Як у савецкія часы, калі каштоўным быў любы намёк. Зрэшты: тэатар ёсьць тэатрам, жывым відовішчам, і дзякуй Богу, нават калі асабіста табе спэктакль не спадабаўся.

Сяргей Астравец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0