Урад Літвы зацвердзіў план пераходу краіны на еўра з 2015 г.
Ідэю падтрымала прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскайце, звяртаючыся да журналістаў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Херманам ван Рампеем, паведамляе Delfi са спасылкай на BNS.

На думку Грыбаўскайце, Літву не павінна напалохаць неспакойная сітуацыя на поўдні Еўропы, перадусім у Італіі, якая пасля парламенцкіх выбараў апынулася ў тупіку.

Цяпер еўра выкарыстоўваецца ў 17 краінах ЕС з 27-мі.
Каб уступіць у еўразону, дзяржава павінна адпавядаць шэрагу патрабаванняў, у тым ліку крытэрам па дэфіцыту дзяржфінансаў, інфляцыі і запазачынасці.
Галоўная праблема Літвы — высокая інфляцыя, звяртае ўвагу Delfi.

У 2012 г. гадавая інфляцыя ў Літве склала 2,6%, у студзені 2013 г. 0,2%.

Зрэшты, нам бы іх праблемы. У Беларусі толькі за студзень 2013 г. інфляцыя склала 3%, тады як за 2012 год — 21,8%.

Цікава, што ў выпадку пераходу Літвы на еўра на еўрапейскіх манетах можа з’явіцца «Пагоня».
Рэч у тым, што манеты са сваёй сімволікай выдаюць усе краіны еўразоны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?