«Юзаф, — ён моцна паціснуў руку, — беларускі паляк». Трохі падумаў і паправіўся: «Літоўскі беларус». Не паспеў я заблытацца ў ягоных самавызначэннях, як усё стала на сваё месца: «...Два мае прадзеды пахаваны ў Навагрудку. Па матчынай лініі. О, адзін з іх вялікі майстра па шкле быў, у Бярозаўцы працаваў, некаторыя ягоныя вырабы ў матулі дасюль захаваліся...»

На жаль, не пабачыў я тых вырабаў, бо да маці Юзафа, што самастойна вядзе на трох гектарах сваю фермерскую гаспадарку, так і не трапіў. І адлегласць невялікая — якіх трыццаць кіламетраў ад Вільні ў бок Салечнікаў, і цікаўнасць падштурхоўвала — фермерцы як-ніяк за 80 гадоў... Аднак не здарылася. Дамовіліся, што Юзаф тое-сёе раскажа сам.

Юзафу пяцьдзясят, ён знаны ў Вільні адмысловец па рамонту камп'ютарнай тэхнікі. «Мусіць, цяжка маці адной?» — «Нічога, гаспадарыць — пчол разводзіць, сад даглядае, сёлета дзесяць тон яблык прадала. Я, хоць і гарадскі стаў, дапамагаю, сусед з трактарам — за невялічкую плату, мясцовы стараста не ў баку, Еўрасаюз штогод грошы дае...»

Слухаю Юзафа і намагаюся ўспомніць, каго ён нагадвае мне. Так, вядома, Здзіславу — такі ж, як у Юзафа, круглы твар, такія ж блакітныя вочы, толькі русыя валасы забраны ў цяжкую касу...

...1964 год. З блакітных вачэй Здзіславы цякуць слёзы, каса здрыгваецца разам з плячыма... Я супакойваю яе, абяцаю паразмаўляць з Піліпчыкам, употай спадзяюся, што ён не адмовіць мне, бо вінен за дыплом, які я напісаў яму да заканчэння партшколы...

«Дзед па бацькоўскай лініі, — вяртае да рэчаіснасці Юзаф, — з-пад Эйшышкаў, таксама тут недалёка. У 30-х гадах ён і два малодшыя браты наняліся на лесараспрацоўку, а калі тая скончылася, прыдбалі ў лесазаводчыка па 10 гектараў пнёў ды карчоў на кожнага, лесапілку, разабралі яе і паставілі тры хаты, тры хутары... Бабуля Анэля, калі мы з сястрой яшчэ малыя былі, расказвала, як яны з дзедам аралі сваю зямлю. Наперадзе бабуля з сякерай — сячэ таўшчэзныя карані, а дзед з плугам цягне за бабулінай сякерай сваю баразну...»

...Не, гэта я быў вінен Піліпчыку за тое, што ўладкаваў на кватэру. «Не возьмеш настаўніка — пойдзеш у калгас», — прыгразіў Соні, сваячцы вартаўніка ў Глыбоцкім касцёле. Соня ў калгас не імкнулася, і на нейкі час я зажыў у сытасці і цяпле. А ў лютым Піліпчык папрасіў напісаць яму дыплом. Тэма знаёмая, я сам талдычыў вучням, што сялянскае пытанне, па Леніну, «цвік рускай рэвалюцыі»... І вось гляджу, як заходзіцца ў плачы лепшая мая вучаніца, бо бацька сказаў, што больш у школу не пусціць, калі хутар знясуць...

... «У 1940 годзе, — працягвае Юзаф, — прыйшлі расейцы і адразу ўтварылі калгас. Заганялі пугай, але асаблівага супраціву не было. Толькі пані Галубоўская, калі з’явіўся першы трактар, лягла ўпоперак на дарозе. Ды са старшынёй узніклі праблемы — ніхто не згаджаўся. Урэшце абралі дзеда: «абы не чужынец». Пакіраваць, праўда, не паспеў — пачалася вайна. Сышоў некуды на Палессе, у партызаны. А бабуля з трыма дзецьмі, у тым ліку маім будучым бацькам, засталася на хутары...»

... «Не, супраць лініі партыі я не пайду», — Піліпчык тыцнуў пальцам у столь. А ў красавіку, калі па гэтай лініі падабраўся да хутара выкліканы з леспрамгаса бульдозер, уся сям’я — бацька, маці, Здзіслава, нават два старэйшыя браты яе прыехалі з Латвіі — выйшла на абарону...

... «Пры немцах майго бацьку, тады маладога хлопца, кінулі на «Лукішкі». За тое, — усміхаецца Юзаф, — што скраў бомбу, калі вагоны з бомбамі разгружаў, хацеў рыбку паглушыць... Бабуля трыццаць кіламетраў пешшу ежу яму насіла. Вызваліцелі выпусцілі, але хутка зноў пасадзілі, не падабалася, што на немцаў папрацаваў. Сядзеў, праўда, нядоўга, пакуль не вярнуўся дзед пры ордэне і медалях... Бацьку выпусцілі, нават вучыцца на агранома накіравалі, а братоў дзедавых – каго куды: аднаго на шахты ў Данбас, другога на Сахалін... Уся радня пад раскулачку папала, дзедавы ордэн з медалямі толькі яго з бабулей і дзецьмі выратавалі... Ну, і пайшло калгаснае жыццё, аж да 1990 года. Спачатку ізноў пад старшынствам дзеда, а потым і бацькі. Але ў партыю яны не падаліся, трымаліся на адлегласці... Не скажу, каб ужо вельмі дрэнным было тое жыццё. Тэхніка з’явілася, электрычнасць... Калі ў 90-м калгас дзялілі на паі, праціўнікаў было мо не менш, чым пры яго ўтварэнні. Але хутка прызвычаіліся. Тым больш, што зямлю, у каго яна калісьці была, вярнулі. Маці таксама дастала з куфра дакументы на зямлю, што ў 30-х прыдбаў яе бацька, мой дзед. І такім чынам ізноў апынулася на дзедавай баразне...»

Здзіславін хутар згарэў у траўні, калі пачаліся першыя навальніцы. Быццам трапіла маланка, працяла хату, як той жалезны цвік. Пэўны час, праўда, хадзіла чутка, што Тадэвуш, Здзіславін бацька, сам падпаліў. Як бы там ні было, сям’я таксама з’ехала ў Латвію, да сыноў.

Праз які год з’ехаў і Піліпчык, пайшоў, так бы мовіць, на падвышэнне – спачатку ў раён, потым у вобласць...

Працуючы ў газеце, я час ад часу наведваў тую вёску, што месціцца паблізу літоўскай мяжы, распытваў і пра Здзіславу. Але ніхто нічога пра яе не ведаў і нават не чуў...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?