Першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч і беларускі пасол у Вялікабрытаніі Сяргей Алейнік правялі двухбаковыя перамовы з кіраўнікамі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), паведамляе прэс-служба МЗС.

Сустрэча адбылася 25 лютага ў Лондане. Ад ЕБРР у кансультацыях узялі ўдзел першы віцэ-прэзідэнт банка Філіп Бенет, дырэктары Аліўе Дэкамп, Алан Русо, Поль-Анры Фарэсцье.

Бакі разгледзелі ход работ па праекце стратэгіі банка па Беларусі на наступныя тры гады, а таксама шэраг праграм, што рэалізуюцца банкам у краіне. Абмеркаваны макраэканамічная сітуацыя і перспектывы далейшага ўзаемадзеяння.

«Прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі падкрэслілі значныя поспехі ў стабілізацыі эканомікі Беларусі і адзначылі, што праца па падрыхтоўцы Стратэгіі накіравана на выпрацоўку кампраміснага і збалансаванага дакумента, які задавальняе інтарэсы ўсіх бакоў», — адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя таго, у ходзе сустрэчы беларускай дэлегацыі з дырэктарам праграмы «Экалагічнага партнёрства Паўночнага вымярэння Яака Хентаненам абмеркаваны практычныя крокі па праектах мадэрнізацыі водаачышчальных збудаванняў у трох абласных цэнтрах, рэалізацыя якіх пачата Партнёрствам летась сумесна з ЕБРР і іншымі міжнароднымі інстытутамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?